У першую суботу ліпеня краіна адзначае дзень кааперацыі. За шматгадовую гісторыю галіна пацвердзіла сваю жыццяздольнасць, на практыцы даказала эфектыўнасць у вырашэнні важных эканамічных і сацыяльных задач.

Беларускі пакупнік патрабавальны да ўнутранага спажывецкага рынку, жадае бачыць на прылаўках асартымент тавараў, набываць неабходнае са знакам якасці. Не з’яўляюцца выключэннем і жыхары Петрыкаўшчыны. Як кажуць: попыт нараджае прапановы. Час ад часу прыходзяць навіны аб адкрыцці крам у населеных пунктах раёна, як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці – такая добрая канкурэнцыя толькі “на руку” пакупніку. Так у маі адкрылася крама ў аграгарадку Грабаў. Туды мы і накіраваліся напярэдадні свята.

Вясковая “Корзинка”
Загадчыца крамы Наталля Ляшкевіч запрашае землякоў наведаць гандлёвы аб’ект

Каля адрамантаванага, пафарбаванага будынку з яскравай назвай “Корзинка” нас сустракае загадчыца крамы Наталля Ляшкевіч.
– Памяшканне новага гандлёвага аб’екта раней належала мясцоваму сельгаспрадпрыемству – тут была калгасная сталовая. Гадоў каля пятнаццаць таму яна перастала функцыянаваць, і будынак быў выстаўлены на аўкцыён для продажу, – дзеліцца Наталля Уладзіміраўна. – Два гады таму цяперашнія гаспадары, нашы землякі-бізнесмены ў сферы рознічнага гандлю Аляксандр і Іна Пашкевічы, купілі яго, зрабілі грунтоўны рамонт. Сказаць па праўдзе – практычна ўсё тут змянілі: правялі неабходныя камунікацыі, набылі абсталяванне. Памяшканне, як бачыце, мае сучасны выгляд і нічым не адрозніваецца ад гарадскіх крам.
Апынуўшыся ўнутры памяшкання, бачым сучасны гандлёвы аб’ект з шырокім асартыментам прадукцыі, магчымасцю бачыць неабходную інфармацыю на этыкетках. Акрамя прадуктаў харчавання тут можна знайсці і рэчы першай неабходнасці. Прыгожа, светла, прасторна.

Вясковая “Корзинка”
Прадавец Васілій Хаджаян ведае харчовыя запыты аднавяскоўцаў

Прадаўцы Васілій Хаджаян і Ала Кебец на сваіх працоўных месцах, каля кожнага – чарга з вяскоўцаў.
– Тавар у нас амаль увесь айчынны, і дастаўляецца непасрэдна з вытворчасці. Крама карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў Грабава, бо ўсё ў нас свежае, смачнае і па прымальным кошце, – дадае загадчыца.
Са слоў прадаўцоў, даспадобы прыйшлася вяскоўцам “малочка” рагачоўскай вытворчасці, “Савушкін прадукт”, “Бабуліна крынка”, “Мінская марка”. Мясную прадукцыю з задавальняем купляюць Гомельскага, Брэсцкага мясакамбінатаў, хлеб у асартыменце петрыкаўскі, салігорскі, бабровіцкі, ну а з прысмакаў у прыярытэце “Спартак”, “Камунарка”. Прайшоўшыся па краме, мы пераканаліся, што ў наяўнасці ёсць усё: рыба, мяса, прысмакі, напоі, гародніна. Кожны можа знайсці “чаго душа жадае”.
Аб’ект працуе кожны дзень з васьмі да дваццаці гадзін без перапынкаў на абед і выхадных, што вельмі зручна для вяскоўцаў у тым ліку і тых, хто прыязджае позна з палёў КСУП “Запаветы Ільіча”. Па словах прадаўцоў, частыя іх госці вадзіцелі і пасажыры, якія рухаюцца да любанскай трасы. Што яшчэ не малаважна: працуе стол заказаў на не харчовыя тавары, і заказаць неабходнае для гаспадарчых патрэб можна вяскоўцам на месцы.
Безумоўна, з адкрыццём гандлёвай крамы жыццё ў аграгарадку стала больш камфортным, прыбліжаным да гарадскога. Такія падзеі прыносяць усім нам прыемныя моманты і падымаюць настрой. Як і падняло настрой абслугоўванне прадаўцоў крамы “Корзинка” – ветліва, уважліва, з усмешкай.

Святлана Собалева,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о