Напярэдадні цёплага, светлага і ўсімі любімага свята 8 Сакавіка, погляд карэспандэнтаў “Петрыкаўскіх навін” быў накіраваны ў тым ліку на цудоўную палову Петрыкаўшчыны. Не пакінулі абыякавымі сустрэчы з асаблівай катэгорыяй зямлячак – мудрымі і працавітымі работніцамі аграпрамысловага комплексу. Адно з такіх знаёмстваў адбылося на МТФ “Турок”.
Жывёлаводаў Аксану Седойкіну і Ганну Лябедзіч заспелі на працоўных месцах за чарговым кармленнем, доглядам сваіх гадаванцаў. Жанчыны прыйшлі працаваць на малочна-таварную ферму практычна ў адзін час – каля пяці гадоў таму. Ведалі: каб працаваць на прадпрыемстве патрэбна “сябраваць” з дысцыплінай, не баяцца працы і любіць жывёл. Па словах цялятніц, агульную мову з членамі калектыву знайшлі адразу, з першых дзён адчулі падтрымку і разуменне. Жанчыны – напарніцы, даглядаюць цёлак ад 6 да 12 і з 12 да 24 месяцаў.
– Я сама родам з Казахстана. У юнацтве сям’я пераехала ў Беларусь, аб чым я ніколі не пашкадавала. Прыгожая зямля, добразычлівыя людзі, ёсць магчымасць працаваць, выхоўваць дзяцей, – дзеліцца Аксана Васільеўна. – Жыву ў Галубіцы, выхоўваю сына старшакласніка. Што датычыцца працы на ферме, то самі бачыце, якія тут умовы: чысціня, парадак, на працу і з працы арганізаваны падвоз, на заробак таксама не крыўджуся.
Жанчына ўпэўнена, што сакрэт выніковасці працы на ферме крыецца ў тым, што ўвесь калектыў старанна і адказна ставіцца да абранай справы.
– У аддзяленні “Турок” працуе пяць жанчын. Мае калегі адказныя, сумленныя работніцы, добрыя гаспадыні, надзейныя сяброўкі, – адзначае суразмоўца. – Віншую іх і ўсіх жанчын сельскагаспадарчай галіны са святам. Жадаю як мага больш дабрыні і ўсмешак, поспехаў ва ўсіх пачынаннях!
– Я таксама далучаюся да віншаванняў. Няхай гэтая вясна падорыць жаночай палове Петрыкаўшчыны шмат шчаслівых і яркіх момантаў, прынясе новыя сілы і энергію, – уключаецца ў размову Ганна Станіславаўна. – Вясковым жанчынам-працаўніцам жадаю акрамя ўсяго, яшчэ з натхненнем брацца за працу на зямлі. Добрага нам усім ураджаю на палях, дастатку ў хлявах. Няхай усе старанні будуць заўважаны і прынясуць свой плён.
Суразмоўца прызнаецца, што працаваць у сельскай гаспадарцы складана. Аднак гэтая сцяжынка ніколі яе не палохала. Сама родам з вёскі Капцэвічы. Больш за дзесяць гадоў аддала працы ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна. Зараз жыве ў горадзе, выхоўвае дваіх дзяцей.
– Што адметна, у СУП “Палессе-Аграінвест” – на ўсе святы сваіх работнікаў не забываюць ад брыгадзіра да кіраўніцтва прадпрыемства. Свята 8 Сакавіка не стала выключэннем, – адзначыла гераіня.
Пра цялятніцу таварнай фермы “Турок” Галіну Марозька мы пісалі не аднойчы на старонках газеты як перадавіка вытворчасці. Родам жанчына з Вышалава, жыццё ўладкавала на малой радзіме, маці траіх дзяцей, бабуля. На прадпрыемстве працуе больш за пятнаццаць гадоў, у зоне яе адказнасці цяляткі ад 1 да 6 месяцаў.
– Праца ў сельскай гаспадарцы няпростая. Але я да яе прывыкла і даражу ёю, – прызнаецца жывёлавод. – У апошні час нам памочнікамі служаць тэхналагічныя навінкі. Прадпрыемства набыло “Электраматулю” – абсталяванне, якое самастойна стэрылізуе і падагравае малако для кармлення. Але канечне чалавечы клопат пра жывёл нішто не заменіць.
– Карыстаючыся магчымасцю, віншую жанчын Петрыкаўшчыны з Міжнародным жаночым днём, – звярнулася Галіна Міхайлаўна. – Жадаю ўсім самага дарагога, што ёсць у нашым жыцці – шчасця, міру, кахання.
Вось так непрыкметна за працай і паўсядзённымі справамі праходзіць жыццё нашых добрасумленных жанчын-жывёлаводаў.
Дарагія гераіні! Няхай і ваша жыццё будзе напоўнена яркімі фарбамі, а ў сэрцах заўсёды гучыць мелодыя вясны!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий