Ветэранскі шлях: ад гарнізонаў да грамадскіх спраў

0
696

Ёсць людзі, чый унутраны стрыжань адчуваецца нават у звычайным поціску рукі. У іх выпраўцы, спакойным поглядзе і ўзважаным слове чытаецца гісторыя не проста аднаго чалавека, а цэлага пакалення – пакалення абаронцаў, для якіх паняцце “Радзіма” ніколі не было абстрактным.

Ветэранскі шлях: ад гарнізонаў да грамадскіх спраўНапярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь мы сустрэліся з Міхаілам Соймам, падпалкоўнікам у адстаўцы, чалавекам, чый жыццёвы шлях (амаль 50 гадоў!) непарыўна звязаны з Узброенымі Сіламі, дзяржслужбай і раённай ветэранскай арганізацыяй.

Прысяга даўжынёю ў жыццё

Міхаіл Іванавіч нарадзіўся ў 1946 годзе ў сяле Водзіца Рахоўскага раёна Закарпацкай вобласці ў шматдзетнай сям’і. З маленства спазнаў усе цяжкасці і нястачы пасляваеннага жыцця. Сям’я рана страціла кармільца, і наш герой, малодшы з дзяцей, свядома выбіраючы свой шлях у жыцці, упарта ішоў да яго дасягнення. У школе вучыўся добра, старанна засвойваў матэрыял, асабліва падабаліся ўрокі гісторыі і матэматыкі. Пасля заканчэння школы накіраваўся ў Львоўскі ветэрынарны інстытут, збіраўся працаваць у родным калгасе і быць побач з матуляй. Аднак гэтым планам юнака не суджана было збыцца, лёс рыхтаваў яго да іншага. Не дабраўшы 2 балы, ён вяртаецца дадому, некаторы час працуе ў калгасе, пасля пераязджае да старэйшай сястры ў Жытомір і ўладкоўваецца вучнем на папяровую фабрыку.
Хутка яго прызываюць у войска. Вучэбку праходзіў у Катоўскай школе малодшых камандзіраў, дзе рыхтавалі кадры для службы ў ракетных войсках. Праз год у часць прыязджаюць прадстаўнікі Хабараўскага ваеннага вучылішча, якія набіралі курсантаў. У ліку адабраных і наш герой – выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі.
У 1968 годзе Міхаіл Іванавіч з адзнакай заканчвае ваеннае вучылішча і накіроўваецца на сваё першае месца службы – раённы цэнтр Юр’я Кіраўскай вобласці. Праз тры гады ён залічаны курсавым афіцэрам у Маскоўскую ваенна-інжынерную акадэмію, якую паспяхова заканчвае, атрымаўшы спецыяльнасць “ваенны інжынер-электрык”. У час вучобы ў Акадэміі пабраўся шлюбам з зямлячкай, прыгажуняй Аленай, якая на той час скончыла Ужгарадскі ўніверсітэт і пагадзілася падзяліць з маладым мужам-афіцэрам усе выпрабаванні качавога гарнізоннага жыцця. А пераязджаць давялося часта. Служыў наш герой у вайсковых часцях на тэрыторыі Расіі, Украіны, а жыць застаўся ў Беларусі. Праз два гады службы камандзірам дывізіёна ў Жыткавічах, быў пераведзены ў Петрыкаў намеснікам камандзіра часці па баявым кіраванні. Пасада даволі адказная, яна патрабавала поўнай самааддачы і высокага ўзроўню службовай падрыхтоўкі і прафесійнай вытрымкі. З гэтай пасады Міхаіл Іванавіч і пайшоў у адстаўку.
– Быць вайскоўцам – пачэсна і адказна адначасова. Робячы выбар на карысць гэтай прафесіі, важна быць гатовым да пастаяннага самаўдасканалення і прафесійнага росту, а таксама трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. Са свайго вопыту скажу, за час службы давялося мець справу з 4-ма пакаленнямі ракет і “зачапіць” 5-ае – пускавую ўстаноўку, – пазначыў у час сустрэчы наш герой.

Вайсковая прысяга не мае тэрміну даўнасці

Гавораць, былых афіцэраў не бывае. Гэтае сцвярджэнне як нельга лепш характарызуе Міхаіла Іванавіча. Усё яго жыццё, па словах жонкі Алены Юр’еўны, – гэта служэнне, а падпалкоўніцкія пагоны на яго плячах – гэта не проста званне, гэта груз адказнасці за мірнае неба, за кожнага салдата ў страі, за гонар мундзіра. – Гледзячы на бацьку, наш сын таксама марыў стаць афіцэрам, – дадае жанчына.
– Усё сваё свядомае жыццё мой бацька прысвяціў войску. І нават калі прыйшоў час змяніць ваенную форму на грамадзянскі касцюм, ягоная “служба” не скончылася. Я дакладна ведаю: для яго вайсковая прысяга не мае тэрміну даўнасці. Гэта не проста словы, вымаўленыя некалі перад строем, а духоўны компас, па якім ён і сёння звярае кожны свой крок. І не толькі свой (усміхаецца), – падзяліўся з нашым карэспандэнтам сын Юрый.

Сэрца ветэранскага руху

Узначаліўшы ў 2008 годзе раённую ветэранскую арганізацыю, наш герой стаў тым сувязным звяном, якое аб’яднала розныя пакаленні абаронцаў Айчыны. Па словах калег, ён ніколі не ставіўся да сваёй грамадскай працы фармальна.
– Для яго кожны ветэран быў паплечнік, кожны малады прызыўнік – будучая апора краіны. Ён умеў слухаць і чуць. У яго кабінеце, а часцей – у жывых зносінах на сустрэчах, вырашаліся надзённыя пытанні, знаходзіліся словы суцяшэння для тых, каму цяжка, і мудрыя парады для тых, хто толькі пачынае свой шлях, – распавяла нашаму карэспандэнту былая калега Жанна Смірнова.
На пасадзе старшыні раённай ветэранскай арганізацыі наш герой адпрацаваў 13 гадоў. Афіцэрскае брацтва для яго і сёння жывая нітка, якой ён аддана трымаецца.

Філасофія салдата

У чым сакрэт невычэрпнай энергіі і бясконцага жыццялюбства Міхаіла Іванавіча? Мусіць, у сям’і, дзецях і ўнуках, а таксама ў глыбокім разуменні таго, што такое сапраўдны патрыятызм. І гэта не гучныя лозунгі, а ціхая, штодзённая праца на карысць людзей і сваёй зямлі. Яго патрыятызм – гэта памяць пра загінуўшых, клопат пра жывых і вера ў моладзь.
У завяршэнні сустрэчы наш герой пазначыў, што салдат – гэта не проста прафесія, гэта стан душы. Гэта гатоўнасць абараніць тое, што табе дорага: свой дом, сваю сям’ю, сваю краіну.

Замест пасляслоўя

Падчас працяглай і па-філасофску разважлівай размовы з Міхаілам Іванавічам злавіла сябе на думцы: дзякуючы такім людзям, як мой герой, наша мінулае – у надзейных руках памяці, а наша будучыня – пад наглядам мудрых настаўнікаў.
Мы дзякуем вам, таварыш падпалкоўнік, за вашу працу, за вашу вернасць афіцэрскаму слову і за тую цеплыню, якую вы дорыце навакольным. Здароўя вам, крэпасці духу і няхай ваш жыццёвы шлях яшчэ доўга служыць прыкладам для новых пакаленняў абаронцаў Беларусі!

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о