Для тых, хто любіць жывёл, прафесія ветэрынар – больш чым прафесія. Гэта праца для іх – сапраўднае пакліканне. Без клічу сэрца прысвяціць сябе дапамозе жывёлам і іх лячэнню проста немагчыма.
Вераніка Пінкоўская – малады спецыяліст, ветэрынарны ўрач СУП «Палессе-Аграінвест».
– Я заўсёды цікавілася жывёламі і іх здароўем, з дзяцінства вельмі хацела стаць ветэрынарным урачом, цягнула ў хату ўсякую жыўнасць. У маім пакоі жылі шчанюкі, кацяняты, вожыкі. Бацькі не забаранялі. Ужо ў 6-7 гадоў я зразумела, што акрамя як быць Айбалітам, нікім сябе ў гэтым жыцці не бачу. Толькі лячыць і ратаваць! Таму адразу пайшла пасля 9 класа у Рэчыцкі аграрны каледж, а ўжо пасля яго ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны.
Пасля заканчэння ветэрынарнага факультэта дзяўчына пачала працаваць у сельскай гаспадарцы. Гэта яе першы год працы, адаптацыя прайшла і спецыяліст ужо з лёгкасцю можа прымяніць свае веды на практыцы. Яе праца заключаецца ў лячэнні і папярэджанні, прафілактыцы захворванняў рознай этыялогіі. Вакцынацыя жывёл.
– Жывёлы патрабуюць увагі. Любое адхіленне ад звычайных паводзін – далікатнасць, адсутнасць апетыту, кашаль, іншае, калі своечасова гэтага не заўважыць, можа абярнуцца сур’ёзным ускладненнем і затым аказаць істотны ўплыў на далейшую прадуктыўнасць, і наогул прывесці да падзяжу. Для адной кароўкі дастаткова некалькіх прафілактычных уколаў, іншых неабходна ўзяць на дадатковы кантроль, – распавядае Вераніка.
У асноўным ветэрынар працуе з буйной рагатай жывёлай. Пагалоўе жывёлы гаспадарцы немаленькае – каля тысячы галоў.
– Каровы пазнаюць мяне па белым халаце, – смяецца дзяўчына. – Асабліва добра памятаю і адрозніваю тых жывёл, якія праходзяць курс лячэння. З імі маю справу кожны дзень. Астатніх – выключна па нумарах.
На пытанне: ці ёсць у яе сям’і лекары ці людзі, звязаныя з медыцынай, дзяўчына адказала:
– Я першая. Ведаеце, сям’я ў мяне невялічкая, складаецца з трох чалавек: маці, я і сястра. Маці – бібліятэкар у школе. Сястра працуе ў карэкцыйным цэнтры сацыяльным педагогам. Таму я і засталася ў сваім горадзе. Петрыкаў я вельмі люблю. Гэта маё месца сілы.
– Вельмі важна любіць тое, чым займаешся і не баяцца цяжкасцяў. Упэўнена ісці ў абраным напрамку, – дзеліцца думкамі гераіня. –
Тым, хто лічыць, быццам у сельскай гаспадарцы працаваць не прэстыжна, адкажу так: людзі на зямлі, на фермах занятыя сапраўднай справай. Карміць краіну, вырабляючы хлеб, малако, мяса, – годны занятак для маладых людзей.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.
Оставить комментарий