У глыбіні Палесся, схаваная сярод лясоў, ёсць невялікая вёска Івашкавічы. Не кожны падарожны яе прыкмеціць, толькі шыльда з назваю паведаміць, што дзесьці там, праз два кіламетры, стаіць населены пункт.
Вёска, не мала не многа, налічвае ўжо 3 стагоддзі з часу першай пісьмовай згадкі, але колькі яна існавала да таго – невядома.
У ХІХ стагоддзі ў вёсцы была свая капліца, хлебазапасная крама, ветрак і трактыр, дзейнічала паромная пераправа праз раку Пціч. Населены пункт быў значны.

Народная памяць данесла да нас звесткі, што некалі першым на гары пад назвай Шутава пасяліўся смалакур Івашкевіч. Ад яго прозвішча і пайшла назва вёскі.

Росквітам населенага пункта можна лічыць 60-70-я гады мінулага стагоддзя – веска аднавілася пасля вайны. Тут працавала крама, паштовае аддзяленне, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне саўгаса з малочна-таварнай фермай і паляводчай брыгадай, школа, клуб з бібліятэкай. Івашкавічы налічвалі больш за 700 жыхароў.
Імклівы час бярэ свае – старыя жыхары сваё аджывалі, а маладыя цягнуліся ў горад: вучыцца, працаваць, жыць утульна ў цывілізацыі.
Вёска Івашкавічы, як і безліч іншых, пачала здаваць свае пазіцыі.
Вёска пачала пераходзіць на новыя рэйкі, а дакладней на калёсы. Крама, пошта, ФАП – усё выяздное.

Цудоўная прырода і зацікаўленыя людзі не дазволілі вёсцы прыйсці ў заняпад.
Побач з вёскай лес, дзе шмат грыбоў і ягад, бруіцца рэчка Пціч, так і заве пакатацца на лодцы, злавіць цудоўнага шчупака ці печкура.
Яшчэ адна прыродная асаблівасць мясцовасці – гэта дзве гары: Шутава і Канап-лянка. Яны маюць цудоўныя схілы для лыжных спускаў пры наяўнасці снежнага пакрыцця.

12 год назад кіраўніцтва КСУП “Капаткевічы” зацікавілася гэтай вёскай, выкупіла некалькі хат у непасрэднай блізкасці да берага ракі, і тут адчыніла дзверы аграсядзіба “Матчына хата”, а ў адным з саўгасных складаў – дэманастрацыйная пляцоўка з сельскагаспадарчымі жывёламі. Цікавасць да адпачынку ў “Матчынай хаце” з’явілася не толькі ў жыхароў Беларусі, але і расіяне з задавальненнем наведваюць сядзібу.
Але, як кажуць, аграсядзіб шмат не бывае. Каля двух гадоў таму пачала працаваць яшчэ адна сядзіба, ужо прыватная, “Пастаялы двор у Адама”. Улічваючы, што ў суседніх Капаткевічах адсутнічае гасцініца, а да нядаўняга часу не было ні кафэ ні бара, то попыт на паслугі па пражыванню і правядзенню ўсялякага рода мерапрыемстваў у аграсядзібаў вялікі: юбілеі, сустрэчы выпускнікоў і проста адпачынак у вольны час – усё гэта можна атрымаць у вёсцы Івашкавічы. Кожная з гэтых сядзіб мае запатрабаванасць, таму што прапануюць нешта свае. Але, напрыклад, наведаць баню ці правесці святочны банкет вы можаце і ў адной і ў другой аграсядзібе.
Каля 10 год назад з’явілася ў вёсцы і сялянска-фермерская гаспадарка “Тэра-Палессе”, асноўным відам дзейнасці якой з’яўляецца вырошчванне зернавых і зернебабовых культур. Але ж калі нехта з прадпрыймальных спадароў задумае тут яшчэ адну фермерскую гаспадарку наладзіць, то думаем у Івашкавічах хопіць, і зямлі, і месца, і магчымасцей.
У Івашкавічах нядаўна з’явіўся інтэрнет. Жыхары пачынаюць пераходзіць на экалагічныя віды ацяплення жылля: ладзяць электраацяпленне.
Грамадзян, якія зарэгістраваны і пастаянна пражываюць у вёсцы Івашкавічы няшмат, каля 60 чалавек. Але ёсць гараджане, якія прыязжаюць у бацькоўскія хаты, як на дачы на сезон – вясна-лета.

Дэпутат сельскага савета Аляксандр Казелька, уражэнец і жыхар вескі, лічыць, што іх вёска ўнікальная, спрыяльная для адпачынку, а кожнай лядашчай хаце можна і патрэбна знайсці дбайнага гаспадара.

Актыўная пазіцыя гэтага чалавека таксама прыносіць свой плён.
Жыхары суседніх райцэнтраў Мазыра і Калінкавіч зацікавіліся маляўнічым і ціхім куточкам, які размешчаны адносна не далёка ад гэтых гарадоў, і набываюць тут дамы пад дачы.
Спадзяюцца жыхары, што і будынак былой крамы нехта купіць, таму што інтарэс у патэнцыяльных пакупнікоў прысутнічае.
Мясцовы дэпутат дапамагае сваёй вёсцы не толькі словам, але і справай: працуе з сельскім саветам на высечцы і спальванні хмызняковай расліннасці, расчыстцы могілак, абкошвае на сваім трактары траву уздоўж вуліц вескі.
Таму, не гледзячы на тое, што вёска Івашкавічы перажывае можа не самы лепшы свой час, але жыццё ў ёй не гасне, яно трансфармуецца, пераходзіць на новыя рэйкі, адаптуецца да новых рыначных умоў.
І мне падаецца, што ў гэтым населеным пункце наперадзе не адно дзесяцігоддзе існавання.

Надзея СІГАЙ.
Фота з інтэрнэту.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о