Напярэдадні Сусветнага дня валанцёра, які адзначаўся 5 снежня, мы сустрэліся з Вольгай Адась – чалавекам, чыё жыццё непарыўна звязана з дабрачыннасцю.

Вольга Сяргееўна – педагог-псіхолаг гімназіі горада Петрыкава. Са студэнцкіх гадоў зямлячка актыўна ўдзельнічае ў валанцёрскіх праектах, а зараз з’яўляецца кіраўніком школьнага валанцёрскага атрада “Садзейнічанне”.

З чаго ўсё пачыналася
Вольга Сяргееўна родам з вёскі Мышанка. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на факультэт псіхалогіі. Менавіта ў студэнцкія гады дзяўчына адкрыла для сябе свет валанцёрства. Разам з аднагрупнікамі яна наведвала карэкцыйныя цэнтры, дзе праводзіла заняткі з дзецьмі-інвалідамі.
– Праца з дзецьмі дадзенай катэгорыі патрабуе не толькі цярпення і дабрыні, але і глыбокага разумення іх патрэб. Напэўна, тады я зразумела, што гэта проста неабходнасць душы – быць часткай чагосьці вялікага, – дзеліцца суразмоўца.
Пасля ўніверсітэта па размеркаванні Вольга пачала працаваць у гімназіі горада Петрыкава. У першы год сваёй прафесійнай дзейнасці ёй прапанавалі прыняць удзел у конкурсе ініцыятыў ад РГА “Чырвоны Крыж”. Разам з навучэнцамі-добраахвотнікамі яны распрацавалі праект ”Супрацьдзеянне гандлю людзьмі”.
– Ініцыятыва атрымала падтрымку Гомельскага Чырвонага Крыжа, і з гэтага моманту пачалася актыўная арганізацыя валанцёрскіх праектаў, – распавядае валанцёр.

Валанцёрская дзейнасць
Будучы маладым спецыялістам, Вольга прыняла ўдзел у конкурсе ад Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. За актыўны ўдзел у дабрачынных ініцыятывах педагогу было прапанавана паехаць на тыдзень у Сербію ў якасці валанцёра па абмене вопытам.
– У складзе беларускай дэлегацыі было ўсяго пяць чалавек. Мы наведвалі сербскія карэкцыйныя цэнтры, пераймалі вопыт мясцовых валанцёраў і ўдзельнічалі ў навучальных трэнінгах. Гэты вопыт аказаўся каштоўным і пазнавальным, – успамінае Вольга Сяргееўна.
Сёння педагог-псіхолаг з’яўляецца куратарам валанцёрскага атрада “Садзейнічанне”, у які ўваходзяць навучэнцы 7-11 класаў гімназіі. Атрад актыўна ўдзельнічае ў розных акцыях і праектах, праводзіць інтэрактыўныя гульні, аказвае дапамогу пажылым людзям. Важную ролю ў валанцёрскай дзейнасці адыгрывае работа па аказанні дапамогі адзінокім грамадзянам. Вольга Сяргееўна лічыць, што прынцыпы дабрачыннасці – узаемадапамога, міласэрнасць, спачуванне, павінны закладвацца ў чалавеку з дзяцінства. Таму што жаданне і ўменне бескарысліва рабіць добрыя справы, дапамагаць людзям – гэта адна з важных характарыстык сапраўднага чалавека, патрыёта сваёй краіны.
– Сёлета ў кастрычніку мы прынялі ўдзел у акцыі “Пяць бульбін” ад РГА “Чырвоны Крыж”. Валанцёры з энтузіязмам збіралі гародніну, і ў выніку “дары прыроды” перадалі дзвюм пажылым жанчынам. Вельмі прыемна бачыць, як рабяты самі праяўляюць жаданне і ініцыятыву дапамагаць, – рэзюмавала педагог.
Напярэдадні Сусветнага дня валанцёра Вольга Сяргееўна пажадала ўсім не баяцца праяўляць ініцыятыву, дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу і памятаць, што кожная добрая справа робіць свет лепшым. Бо дапамога людзям – гэта сапраўды найлепшая ўзнагарода для сапраўднага валанцёра.

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о