Зусім нядаўна, 8 кастрычніка, свой 75-гадовы юбілей адзначыў вядомы трэнер па валейболе, ветэран фізічнай культуры і спорту Сяргей Елька. Група спартыўных актывістаў, у якую ўваходзілі выхаванцы Сяргея Максімавіча, прыняла рашэнне арганізаваць для свайго настаўніка ўрачыстасць з уручэннем узнагарод і падарункаў, у знак падзякі за ўсё тое добрае, што прывіў трэнер сваім падапечным.
Работу ў спартыўнай школе па профілі валейболу Сяргей Елька пачаў у 1970 годзе. За больш чым чатыры дзясяткі гадоў спецыяліст падрыхтаваў не адно пакаленне спартсменаў і каманд высокага ўзроўню. Ён і сам быў у свой час унікальным іграком, пры чым на ўсіх лініях пляцоўкі, неаднаразова бараніў спартыўны гонар раёна і вобласці і ўваходзіў нават у састаў зборнай сельскіх спартсменаў рэспублікі.
Даніну павагі ў гэты дзень наведаліся аддаць свайму любімаму і паважанаму трэнеру многія яго падапечныя рознага ўзросту. Адзін з лепшых яго выхаванцаў – Сяргей Рута, прыехаў да юбіляра з Масквы, дзе зараз працягвае ўкараняць ідэі свайго спартыўнага настаўніка, з’яўляючыся ўдзельнікам праекта адной з расійскіх валейбольных ліг. Другі яго таленавіты падапечны Васіль Галота вядзе зараз трэнерскую работу ў Гомелі, а яго сын Павел і пляменнік Уладзімір паспяхова выступаюць у галоўнай гомельскай камандзе “Энергія”, што не так даўно стала ўладальніцай Суперкубку Беларусі па валейболе. Дарэчы, Павел з’яўляецца і капітанам пераможнай гомельскай дружыны. У якасці кіраўніка і вядучага ўрачыстай сустрэчы выступіў былы валейбаліст, выхаванец цудоўнага трэнера – Валянцін Буднік.
Сустрэча прайшла даволі душэўна. Вядома, валейбалісты згадвалі былыя часы, параўноўвалі іх з рэаліямі сённяшнімі. Не абышлося і без узнагарод, падарункаў і сувеніраў. Сяргей Максімавіч атрымаў дзве Ганаровыя граматы: ад БГА «Ветэраны фізічнай культуры і спорту», якім кіруе зараз алімпійская чэмпіёнка па спартыўнай гімнастыцы, заслужаны майстар спорту і заслужаны трэнер СССР Антаніна Кошаль і ад абласной структуры спартыўнай ветэранскай арганізацыі, якую ўзначальвае заслужаны работнік фізічнай культуры Беларусі Мікалай Новікаў. Імянінніку ў той вечар была ўручана Падзяка ад раённага Савета ветэранаў. Гомельскія госці прэзентавалі юбіляру мяч з аўтографамі ігракоў валейбольнага клуба «Энергія», а таксама любімы трэнер атрымаў у падарунак валейбольны світар «Елька – 75», на якім распісаліся ўсе госці ўрачыстасці. Да ўсяго быў уручаны калаж з фота спартсмена розных гадоў і падарунак ад аддзела адукацыі і райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі.
У час сустрэчы было зроблена памятнае фота, якое, на нашае меркаванне, павінна абавязкова папоўніць калекцыю музейнага пакоя “Легенды спорту Беларусі”, які не так даўно адкрыўся ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Прыпяць”.
Гэтая сустрэча валейбольных зорак розных пакаленняў нашага раёна яскрава паказала, кім для прысутных, і для тых, хто не змог прыехаць на юбілей, з’яўляецца Сяргей Максімавіч Елька. Ён застаецца любімым трэнерам, педагогам, які па-бацькоўску навучыў не толькі гульні ў валейбол, не толькі ўменню перамагаць, а быць годным чалавекам, што пераадольвае цяжкасці на шляху да мэты!
Ад усіх удзельнікаў сустрэчы дзякуем юбіляру за яго справу, справу найвышэйшай якасці!
Аляксей КАЮКАЛА,
старшыня пярвічнай арганізацыі БГА “Ветэраны ФКіС
Петрыкаўскага раёна”.
Оставить комментарий