9 жніўня на гарадскім стадыёне “Прыпяць” адбыўся чарговы матч чэмпіянату Гомельскай вобласці па футболе ў рамках чэмпіянату Рэспублікі Беларусь сярод каманд другой лігі.
У госці да петрыкаўскай дружыны прыбыла каманда Акцябрскага раёна. Надвор’е было цудоўным і, між іншым, сустрэча з’яўлялася сапраўдным падарункам для сталых аматараў футбола, бо менавіта ў другую суботу жніўня ў СССР святкаваўся Дзень фізкультурніка.

Прагучаў стартавы свісток і абедзве каманды пачалі ў стрыманым тэмпе, нібы высвятляючы, наколькі імкліва і востра дазволіць згуляць у перспектыве сапернік. Праз дзясятак хвілін назіралася дамінаванне гаспадароў, якія пачыналі свае атакі даволі павольна, але хутка траплялі да штрафной гасцей. Бракавалі штурмы на заключным этапе, калі мяч не знаходзіў чарговага футбаліста ці, наўпрост, накіроўваўся міма створу варот. Адказвалі і футбалісты з Акцябрскага раёна, але, у большасці сваёй, іх праходы да нашай брамы былі абумоўлены памылкамі петрыкаўчан, як гэта адбылося, калі госці адкрылі лік на 20-й хвіліне.
Пэўны парытэт у сілах каманд трымаўся непрацяглы час. Нашыя спартсмены ў хуткасці зноў пачалі адыгрываць першым нумарам. Шкада толькі, што не так хутка выпраўляліся памылкі ва ўласнай гульні. Здавалася, што патрэбны быў нейкі пераломны момант, каб футбалісты з берагоў Прыпяці адчулі ўпэўненасць і паўнавартасна рэалізавалі свой патэнцыял. Адбылося гэта на 36-й хвіліне, калі Юрый Берднік трапным ударам са штрафнога адправіў мяч у сетку, метраў з 25-ці. Адказ не прымусіў чакаць, але петрыкаўскі абаронца адным акуратным крананнем літаральна пераправіў мяч, калі снарад быў ужо, фактычна, на стужцы.
На апошняй хвіліне першай паловы гульні, ужо ў дадатковы час, мясцовым футбалістам зноў удалося рэалізаваць стандарт і каманда Акцябрскага раёна адправілася на перапынак у статусе даганяючых – 2:1.
Перавага ў другім тайме, калі гульню можна было ахарактарызаваць словам “арэлі”, павінна была стаць не больш чым стымулам, каб забяспечыць яшчэ большы адрыў ад апанента па забітых мячах. Так яно і сталася. Не адкладаючы спробы ўдалай атакі на нявызначаны час, гаспадары змяняюць лік на табло двойчы: на 5-й і 6-й хвіліне другога тайма і абодва разы намаганнямі таго ж Юрыя Бердніка – 4:1!
Востра адказаў і сапернік, які праз хвіліну рэалізаваў выхад сам-насам з варатаром нашай дружыны – 4:2. Але гульня працягвалася прэсінгам гаспадароў. Больш за тое, палепшылася ўзаемадзеянне паміж футбалістамі: перадачы сталі больш дакладнымі і гульня больш удумлівай. Па сутнасці, працягам наступных 20-ці хвілін госці не здолелі стварыць у петрыкаўскіх варот ніякай напружанасці. А вось гаспадары ў чарговы раз павялічылі адрыў на 74-й хвіліне, скарыстаўшы мітуснёй у штрафной апанентаў.
Яшчэ праз дзесяць хвілін падаспеў да круглага і сходу адправіў яго ў сетку Дзмітрый Шатырын. Здавалася, што футбалісты стаміліся, павінны былі ўжо запаволіць гульню і дачакацца фінальнага свістку. Але за апошні дзясятак хвілін лік змяніўся двойчы! Спачатку за кошт пенальці, назначанага ў бок гаспадароў за неахайную гульню ў сваёй штрафной пляцоўцы, а потым цудоўным ударам Дзмітрыя Шатырына з 25-ці метраў, калі мяч у абвод сценкі ўжо ў апошні раз знянацку заспеў брамніка каманды з Акцябрскага раёна – 7:3 і ўжо праз некалькі імгненняў нашыя спартсмены прымалі шчырыя віншаванні з нагоды ўпэўненай перамогі.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о