У Гомельскай вобласці праведзена суцэльная інвентарызацыя зямель населеных пунктаў. У выніку выяўлены самавольна занятыя ўчасткі, на якіх узведзены капітальныя будынкі, а таксама ўчасткі, у адносінах да якіх грамадзяне дапусцілі парушэнні зарэгістраваных межаў шляхам узвядзення пабудоў або агародж, або якія выкарыстоўваюцца не па мэтавым прызначэнні.
Тое, што гэта важная для грамадзян праблема, пацвярджаюць і звароты, якія паступаюць у падраздзяленні землеўпарадкавання мясцовых выканаўчых камітэтаў. Адказы на найбольш распаўсюджаныя пытанні дала Надзея ШУКАЙЛАВА, начальнік аддзела прававога і інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама.
– Скажыце, Надзея Уладзіміраўна, ці ёсць магчымасць узаконіць самавольна занятыя зямельныя ўчасткі і ў якія тэрміны гэта можна зрабіць?
– З 1 верасня 2022 года ўступіў у сілу артыкул 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2022 № 195-З “Аб змяненні кодэксаў”, які дазваляе легалізаваць самавольна занятыя зямельныя ўчасткі. Ён будзе дзейнічаць толькі тры гады, да 31 жніўня 2025 года.
Па заканчэнні трохгадовага перыяду па ўсіх аб’ектах самавольнага будаўніцтва, у выпадку, калі яны не будуць узаконены, будзе ставіцца пытанне аб зносе і вызваленні самавольна занятага зямельнага ўчастка.
Размова ідзе аб прадастаўленні землекарыстальнікам (як грамадзянам, так і юрыдычным асобам) магчымасці аформіць правы на самавольна занятыя імі раней зямельныя ўчасткі і размешчаныя на іх капітальныя будынкі пры выкананні шэрагу ўмоў.
Каб патрапіць пад легалізацыю, землекарыстальніку неабходна звярнуцца з заявай у выканкам.
Асноўнымі ўмовамі для прыняцця станоўчага рашэння з’яўляюцца: захаванне горадабудаўнічых і будаўнічых норм і правіл; наяўнасць згоды сумежнага землекарыстальніка на захаванне самавольнай пабудовы; адсутнасць спрэчак у судзе; узвядзенне самавольнай пабудовы да 1 верасня 2022 года, гэта значыць да даты ўступлення ў сілу змен па такіх пытаннях.
Акрамя захавання гэтых умоў землекарыстальнік павінен унесці плату за права легалізацыі самавольнага заняцця, кампенсаваць у поўным аб’ёме страты сельскагаспадарчай або лесагаспадарчай вытворчасці (пры іх наяўнасці) і ўнесці плату за зямельны ўчастак, які прадастаўляецца ў прыватную ўласнасць або арэнду.
– Колькі будзе каштаваць узаконіць, напрыклад, адну сотку ў горадзе Петрыкаве?
– Плата за права легалізацыі будзе разлічвацца зыходзячы з кадастравага кошту зямельнага ўчастка, які ў гора-дзе Петрыкаве вар’іруе ад 4.05 да 6.51 беларускіх рублёў за 1 кв.метр, і плошчы самавольнага заняцця.
Каб разумець, аб якіх выдатках можа ісці гаворка, прывядзем прыклад легалізацыі адной соткі зямлі на тэрыторыі горада Петрыкава, па вуліцы Гогаля, занятай самавольна пабудаваным гаражом.
Так, кадастравы кошт адной соткі па вуліцы Гогаля складае 651 беларускі рубель. Гэта тая плата, якую неабходна будзе ўнесці за права легалізацыі самавольна занятага зямельнага ўчастка плошчай 0,01 гектара.
– Якім чынам можна будзе пацвердзіць факт узвядзення будынка да 1 верасня 2022 года?
– Тут магчымы розныя варыянты: напрыклад, звесткамі, унесенымі да верасня 2022 года ў зямельна-кадастравую або іншую дакументацыю, рэестр характарыстык нерухомай маёмасці; альбо прынятым да верасня 2022 года рашэннем у дачыненні да самавольнай пабудовы.
Нават прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за самавольнае заняцце (будаўніцтва) будзе гэта пацвярджаць.
– Калісьці ад прадпрыемства нам прапанавалі землі, дзе можна вырошчваць гародніну без узвядзення пабудоў, ніякіх дакументаў ніколі мы не афармлялі на гэтыя ўчасткі. А зараз выканкам абавязаў вярнуць і вызваліць зямлю. Як узаконіць карыстанне ўчасткам, што трэба рабіць?
– Як паказвае практыка, выкарыстанне зямельных участкаў для вырошчвання сельскагаспадарчай прадукцыі часам ажыццяўляецца грамадзянамі, асабліва ў сельскай мясцовасці, без прыняцця мясцовым выканаўчым камітэтам рашэння аб прадастаўленні ўчасткаў для названай мэты. Грамадзянін гадамі вырошчваў агародніну, не разумеючы, што з’яўляецца парушальнікам заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель, якім прадугледжана, што права на выкарыстанне ўчастка для агародніцтва ўзнікае з моманту прыняцця мясцовым выканкамам адпаведнага рашэння.
Для афармлення такога права грамадзяніну трэба звярнуцца ў сельвыканкам з заявай, выбраўшы папярэдне зямельны ўчастак з пераліку свабодных (незанятых) зямельных участкаў.
Пры гэтым зямельны ўчастак, які самавольна займаецца, цяпер неабходна вызваліць.
Запісала Галіна КАЗАК.
Оставить комментарий