Увага – падмурак бяспекі і нагода для ўзнагароды

0
885

Днямі ў Капцэвічы з прыемнай місіяй завітаў намеснік начальніка аддзялення чыгункі – галоўны рэвізор па бяспецы руху Валерый Федчанка, каб падзякаваць нашаму земляку, майстру шляху Калінкавіцкай дыстанцыі шляху Мікалаю Палазкову, за адказнае і якаснае выкананне сваіх службовых абавязкаў і пільнасць у рабоце на чыгунцы.

Увага – падмурак бяспекі і нагода для ўзнагародыЗа фармулёўкай падзякі хаваецца непрацяглая, але вельмі важная гісторыя, добры зыход якой як раз і прадвырашыла ўважлівасць Мікалая Вячаслававіча.
– У ноч на 28 снежня, падчас начной змены, каля дзвюх гадзін ночы я выйшаў на расчыстку стрэлачнага перавода. У гэты момант па шляхах праходзіў састаў, у хваставой частцы якога было заўважана заіскрэнне. Я неадкладна зрабіў даклад мінскаму цягніковаму дыспетчару, які прыняў меры па прыпынцы цягніка. Састаў прыпыніўся на станцыі Муляраўка, дзе яго і адрамантавалі працягам дзвюх гадзін, – сціпла паведаміў Мікалай Палазкоў.

Вядома, не заўважыў бы чыгуначнік няспраўнасці, далейшы рух таварнага цягніка мог бы скончыцца несуцяшальнымі наступствамі. На гэта звяртаў увагу перад калектывам супрацоўнікаў чыгункі і Валерый Федчанка: “Вы самі добра ведаеце, што першасная ўвага ў нашай справе надаецца бяспецы – той галіне, на якой чыгунка ніколі не эканоміла. Таму заўсёды за праяву пільнасці і адказнага стаўлення да сваіх службовых абавязкаў мы прымаем рашэнне аб заахвочванні працаўнікоў”. Мікалай Вячаслававіч, у сваю чаргу, падзякаваў за ўвагу з боку кіраўніцтва, заўважыўшы: “Жадаю, каб усіх калег не пакідала пільнасць, а ад імя калектыву магу сказаць, што будзем намагацца працаваць шчыра і яшчэ больш якасна, бо бяспека – наша агульная мэта”.
Наш герой – чалавек сямейны, раней працаваў вадзіцелем у сельскагаспадарчай галіне, а з 2006 года стаў чыгуначнікам. Нягледзячы на тое, што двое дарослых дзяцей з чыгункай сваё жыццё не звязалі, Мікалай Палазкоў не выключае, заўважаючы з жартам, што чыгуначнікам можа стаць унук, якому зараз тры гадкі.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о