На гэтым тыдні ў абласным цэнтры абмеркавалі вынікі працы камітэта ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама за 2024 год.
Удзел у пасяджэнні прынялі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, а таксама намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў.
У аблвыканкаме разгарнуліся выставы “СМІ. Поспехі і дасягненні” і “Гомельшчына ў год якасці”, на якіх былі прэзентаваны публікацыі друкаваных выданняў рэгіёна, прадстаўлены поспехі мясцовых прадпрыемстваў і самыя яркія маладзёжныя праекты.
– Ідэалагічная работа мае патрэбу ў частковым перафарматаванні: яна павінна быць арыентавана на вынік і цесны кантакт з рознымі групамі грамадзян. Асабліва ў тых калектывах, куды яшчэ не ступала нага ідэолагаў, – адзначыў Уладзімір Пярцоў. – Таксама лічу, што ў Гомельскай вобласці на высокім узроўні наладжана аналітычная работа, ваш рэгіён можна назваць піянерам па ўкараненні асаблівых падыходаў, аператыўнай рэакцыі на розныя інфармацыйныя ўкідванні і выклікі.
У сваім дакладзе старшыня камітэта ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Кручко закранула тэму кадравага забеспячэння розных структур і арганізацый Гомельшчыны. Яна падкрэсліла, што для вырашэння праблемы неабходна надаваць больш увагі моладзі, у першую чаргу гэта датычыцца БРСМ. Кадравы рэзерв арганізацыі трэба трымаць пад асаблівым кантролем.
Няпростая сітуацыя складваецца ў СМІ вобласці, бо зараз 14 рэдакцый рэгіёну маюць патрэбу ў 42 супрацоўніках. У якасці адной з прычын абазначана недастатковая работа па замацаванні маладых кадраў. У мінулым годзе 15 чалавек паступілі на спецыяльнасць “Журналістыка”, якая адкрылася на базе ГДУ імя Ф. Скарыны. Гэта палепшыць сітуацыю, але толькі пасля заканчэння навучання студэнтаў.
– Важны і ўзровень зарплаты ў сродках масавай інфармацыі, бо да працы журналіста сёння прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні. У нашым рэгіёне прадстаўнікі СМІ ў сярэднім зарабляюць 1584 рублі – гэта не самы маленькі паказчык у краіне, нам саступаюць Віцебская і Гродзенская вобласці, аднак гэта ніжэй за сярэдні заробак на Гомельшчыне ў цэлым, – падзялілася Таццяна Кручко.
Удзельнікі пасяджэння станоўча ацанілі работу камітэта па выніках мінулага года, а таксама абазначылі шэраг задач на бліжэйшую будучыню. Пасля завяршэння пасяджэння члены калегіі адказалі на пытанні з залы.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий