Напэўна, самы запатрабаваны і вядомы чалавек у сельскім населеным пункце – старшыня Савета. Стаяць на чале мясцовага кіравання – праца не простая. Гэта жыццёвая пазіцыя, цвёрдасць характару, уменне кантактаваць з людзьмі. Напярэдадні вясновага свята мы сустрэліся з жанчынай, якая ўжо пятнаццаць гадоў нясе адказнасць за жыццядзейнасць насельніцтва аднаго з буйных сельскіх Саветаў Петрыкаўшчыны.
У якіх клопатах прайшоў 2024 год мы пагутарылі са старшынёй Мышанскага сельскага Савета Ірынай Баяшэнка.
– Ірына Мікалаеўна, у чым вы бачыце галоўную задачу сельскага Савета як органа ўлады?
– У вырашэнні пытанняў мясцовага значэння і выкананні рашэнняў вышэйстаячых дзяржаўных органаў. Для мяне, як старшыні сельвыканкама, першачарговая задача – забяспечыць годнымі ўмовамі пражывання насельніцтва вёсак Мышанка, Старыя Кацуры, Новыя Кацуры, Церабаў, Беседкі, Баянаў – усяго больш за 1400 чалавек.
– Якая катэгорыя жыхароў у пастаянным полі зроку мясцовай улады і як падтрымліваецца сувязь з насельніцтвам?
– Асаблівая ўвага да адзінокіх і адзінокапражываючых, якіх на тэрыторыі сельсавета каля 350-і, шматдзетных – 13 сем’яў, людзей з інваліднасцю – 70 чалавек, 2-х апякунскіх сем’яў, 4-ох вязняў Вялікай Айчыннай вайны, 1-го ветэрана баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Сувязь падтрымліваецца рознымі спосабамі: сустрэчы на сельскіх сходах, у калектывах, прыёмы грамадзян, праз тэлефонныя і электронныя звароты, работу інфармацыйна-прапагандысцкай групы. Зваротная сувязь з насельніцтвам наладжана. Меркаваць пра гэта можна па тым, што з прапановамі, праблемамі людзі ідуць у сельсавет, агучваюць набалелае і падчас сустрэч. Так, у мінулым годзе ад насельніцтва Церабава паступілі пытанні дастаўкі выбаршчыкаў на ўчастак для галасавання, замены лямпачак вулічнага асвятлення; Старых Кацуроў – устаноўкі ліхтароў вулічнага асвятлення; Мышанкі – выдалення дрэў, адлову сабак. Былі пытанні, якія тычыліся не аднаго населенага пункта: праца перасоўнага медыцынскага комплексу, атрыманне матэрыяльнай дапамогі, страхавых выплат. Гэта далёка не ўвесь пералік таго, што хвалявала землякоў. На сённяшні дзень засталося нявырашаным адно пытанне: падсыпка дарогі ў вёсцы Беседкі. Трэба прызнаць, што не ўсе жыхары прыходзяць на грамадскія сустрэчы і ідуць на кантакт з мясцовай уладай. Для ўзаемадзеяння з такой катэгорыяй існуе назіральная камісія. За справаздачны перыяд члены камісіі наведалі 355 грамадзян, на пасяджэнне Савета АПОП былі запрошаны 67 чалавек. У выніку сумеснай працы з органамі прафілактыкі ў Петрыкаўскі РАУС накіравана 10 лістоў у дачыненні да асоб, схільных да злоўжывання спіртных напояў аб накіраванні іх у лячэбна-працоўны прафілакторый, 4 лісты – у Петрыкаўскую ЦРБ з мэтай далейшага абследавання і лячэння. Прынята рашэнне аб неабходнасці размяшчэння ў палаце сястрынскага догляду аднаго жыхара. Усе пералічаныя віды ўзаемадзеяння даюць магчымасць узняць на больш высокі ўзровень пытанні якасці жыцця грамадзян.
– У Год добраўпарадкавання навядзенне парадку на зямлі з’яўляецца адной з найбольш актуальных тэм. Якая ў гэтым плане праца праводзілася ў мінулым годзе на тэрыторыі сельсавета?
– План мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні быў складзены з улікам фінансавых магчымасцей і ўсе яго пункты выкананы ў поўным аб’ёме. На падведамаснай тэрыторыі праведзена 126 санітарных дзён і суботнікаў, выдалена 36 аварыйных дрэў у населеных пунктах і 8 дрэў на грамадзянскіх могілках, выканана кампенсацыйная пасадка 70-ці дрэў і кустоў, праведзена санітарная абрэзка больш за 120 дрэў, устаноўлены 2-е архітэктурныя формы, 22-е адрамантаваны, зроблены рамонт агароджы ў колькасці 1190 метраў пагонных, праведзена прафіляванне вулічна-дарожнай сеткі – 23 кіламетры. Усе брацкія магілы пафарбаваны, пабелены, пашпакляваны тумбы, у вёсцы Баянаў – пакладзена плітка. На ўсіх грамадзянскіх могілках адведзены пляцоўкі для часовага складзіравання смецця. На Мышанскіх – адрамантавана агароджа, 9 кантэйнерных пляцовак для смецця.
– Жыхары населеных пунктаў з разуменнем ставяцца да неабходнасці сумесных намаганняў у вырашэнні пытанняў?
– Так. Усе арганізацыі і ўстановы, якія размешчаны на тэрыторыі Мышанскага сельсавета зай-маюцца навядзеннем парадку, уборкай смецця, пасадкай кветак, разбіўкай кветнікаў, устаноўкай архітэктурных форм. Кожны чацвер актыўна ўдзельнічаюць у правядзенні санітарных дзён. Не застаецца ўбаку і насельніцтва. У 2024 годзе сабрана сродкаў самаабкладання – крыху больш за тысячу беларускіх рублёў. Сабраныя грошы былі накіраваны на набыццё альтанкі і формы для кветак. Частка сродкаў накіравана на набыццё фарбы для бягучага рамонту брацкай магілы ў вёсцы Беседкі.
– Ірына Мікалаеўна, ваша пасада патрабуе ўпэўненасці ў сабе, быць заўсёды на віду і прыкладам для насельніцтва. Як вы з гэтым спраўляецеся?
– Быць кіраўніком няпроста. Вырашыўшыся на гэты крок, чалавек аддае працы большую частку свайго часу. Аднак маючы жаданне і напорыстасць, можна дамагчыся многага! Трэба проста любіць месца, дзе жывеш і людзей, якія побач. І разам з людзьмі рухацца наперад. Не дарма кажуць: “Усё, што зроблена сваімі рукамі – дорага ўдвая”.
Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць жанчын Петрыкаўшчыны з Міжнародным жаночым днём. Пажадаць здароўя і кахання, разумення і падтрымкі, шчасця і радасці, абароненасці і ўпэўненасці ў тых, хто побач!
– Вас таксама са святам, Ірына Мікалаеўна! Няхай гэты светлы вясновы дзень падорыць вам добры настрой! А жыццё ўсіх жыхароў Мышанскага сельскага Савета будзе сонечным, добрым і прыгожым, як вясна!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий