Усё робіць па загадзе душы і для людзей

0
423

Усё робіць па загадзе душы  і для людзей

У кожнай сферы ёсць людзі, якіх называюць адным простым, але ёмістым словам – прафесіяналы. Яно ўвабрала ў сябе і шматгадовы досвед, і высокае майстэрства. Менавіта да такіх людзей можна аднесці загадчыцу вялікім гарадскім “Еўрааптам” Наталлю Карнійчук.

На Петрыкаўшчыне Наталлю Мікалаеўну ведаюць многія: работнікі гандлю – як вопытную калегу, пакупнікі – як загадчыцу “Еўраапта” па вуліцы Бумажкова. Наведвальнікі аб’екта часта бачаць спецыяліста ў гандлёвай зале за гутаркай з кліентамі, як жанчына сочыць за працоўным працэсам або вывучае попыт спажыўцоў.

– Яшчэ са школьных гадоў хацела звязаць сваё прафесійнае жыццё з гандлем: бегаючы за пакупкамі, я любіла назіраць, як прадавец стаіць за прылаўкам і мае зносіны з пакупнікамі, – успамінае гераіня. – Мая маці была супраць такога выбару. Можа таму, што сама працавала ў гэтай галіне: была загадчыцай гандлёвага склада і ведала наколькі дадзены напрамак адказны, колькі патрабуе сіл, вытрымкі, асаблівага складу мыслення.

Дзякуючы сваёй уседлівасці, стараннасці і напорыстасці, дзіцячая мара гераіні перарасла ў справу ўсяго жыцця. Пасля заканчэння школы на сваёй малой радзіме – Жыткавіччыне, паступіла ў Беларускі гандлёва-эканамічны інстытут спажывецкай кааперацыі. У студэнцкія гады на факультэце сустрэла будучага мужа, ура-джэнца Петрыкава, і прыехала на сваё першае месца працы на яго радзіму. На Петрыкаўшчыне сям’я абжылася, а Наталля Мікалаеўна не змяніла сваіх прафесійных планаў. За дваццаць чатыры гады ў галіне зведала пра спецыфіку працы ўсебакова. Кар’еру пачынала ў крамах Петрыкаўскага райспажыўтаварыства, сем гадоў з’яўлялася спецыялістам аддзела эканомікі Петрыкаўскага райвыканкама. Былі заўважаны яе намаганні ў рабоце, здольнасць пралічыць наперад, уменне размаўляць з людзьмі. Гэтыя якасці паслужылі ў рашэнні пры выбары кандыдатуры на прызначэнне на пасаду загадчыцы пры адкрыцці значнага аб’екту ў горадзе – першага “Еўраапта”. А ўжо ў 2018 годзе яе запрасілі на пасаду загадчыцы новага супермаркета, плошча якога складала 2 тысячы квадратных метраў. Той факт, што жанчыне даручылі ўзяць на сябе такія адказныя аб’екты, гаворыць пра многае. Адданая сваёй справе, адказная і выканаўчая, такога стаўлення патрабуе Наталля Мікалаеўна ў працы і ад калег. На думку загадчыцы, работнікі галіны павінны пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства. За апошняе дзесяцігоддзе ў сферы гандлю адбыліся каласальныя пераўтварэнні: з’явілася новае абсталяванне, укараняюцца розныя электронныя праграмы, якімі патрэба добра валодаць. Гераіня асабліва адзначае і тое, што працу работнікаў галіны лёгкай не назавеш.

– У нашы дні ў крамах краіны неверагодна пашырыўся асартымент прадукцыі. Толькі ў нашай гандлёвай кропцы больш за дзевяць тысяч найменняў тавараў. Напрыклад, мясной прадукцыі – больш 300-т, малочнай – каля 670-ці. Пралічыць, зрабіць заяўкі, прыняць і выкласці тавар на паліцы, аўтаматызаваць яго, абслужыць пакупнікоў – усё гэта на плячах маіх калег. Каб задаволіць спажывецкі попыт землякоў, кожнаму з трыццаці чатырох працаўнікоў “Еўраапту” трэба выкладвацца на ўсе 100%. І гэта няпростая праца, – дзеліцца суразмоўца.

А яшчэ важна ў цяперашніх умовах, па словах загадчыцы, умець прыцягнуць пакупніка. Якасць абслугоўвання – важны складальнік паспяховага функцыянавання гандлёвай кропкі. Добразычлівасць для прадаўца – самая галоўная якасць, нягледзячы на асабісты настрой ці стан здароўя. Наталля Мікалаеўна дзеліцца: з падначаленымі ёй пашанцавала. Калектыў крамы – дружная каманда. Ёсць вопытныя работнікі і моладзь. Усе добрасумленна, прафесійна выконваюць свае абавязкі. Магчыма, менавіта таму вялікі супермаркет карыстаецца папулярнасцю ў многіх жыхароў і гасцей раёна.

Сёння галіна гандлю адзначае свой 100-гадовы юбілей. Да гэтай падзеі Наталля Мікалаеўна атрымала медаль “100 год органам гандлю Беларусі”. Гэта ўзнагарода – вынік яе шматгадовай працы. А прычына таго, што ў загадчыцы крамы ўсё задуманае ў працы ўвасабляецца ў жыццё, мае простае тлумачэнне – прафесійныя абавязкі супадаюць з яе прызваннем і жаданнем зрабіць жыццё землякоў лепшым і камфортным!

– Напярэдадні прафесійнага свята, 100-годдзя сістэмы гандлю, жадаю ўсім работнікам прылаўка, усім хто звязаны з галіной –здароўя, цярпення і ўдзячных пакупнікоў. – Няхай усё, што намі задумана, абавязкова рэалізуецца, поспех спадарожнічае ва ўсім, родныя людзі будуць заўсёды побач, а адчуванне шчасця ніколі не пакідае! – прамовіла Наталля Мікалаеўна.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о