Сход прадстаўнікоў беларускага ўрада і іншых галін улады, дэлегатаў ад грамадскіх аб’яднанняў, работнікаў прадпрыемстваў, дзеячаў навукі і іншых сфер адбудзецца ў рэспубліцы ў канцы красавіка.
У гісторыі рэспублікі Усебеларускі народны сход склікаўся шэсць разоў, апошні – у лютым 2021 года, а ў 2022-м сход атрымаў статус канстытуцыйнага органа. На сённяшні дзень у краіне створаны рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні першага пасяджэння сёмага УНС. У яго склад увайшлі шэраг вышэйшых службовых асоб, кіраўніцтва міністэрстваў, губернатары абласцей і мэр Мінска.
Несумненна, роля і значэнне УНС вялікія. Лідар нашай краіны адзначыў: “Усебеларускі народны сход – стабілізатар грамадства. У гэтым яго галоўная роля – стабілізаваць грамадства на ўсіх этапах яго развіцця”. Для нас, простых абывацеляў, нацыянальны сход – упэўненасць, што лёсавызначальныя для ўсёй краіны рашэнні будуць непасрэдна прымаць аўтарытэтныя людзі з народа.
Дадзеная форма ўзаемадзеяння ўлады з народам не падтрымліваецца ў палітычных колах непрыязна настроеных да нас краін, робяцца крокі, каб дыскрэдытаваць многія ініцыятывы. Мы развіваемся нават у дастаткова складаных умовах – гэта не падабаецца нашым ворагам. Трэба адзначыць, што ў свой час апанентамі ўлады былі зроблены ўсе магчымыя спробы дэструктыўнай блакіроўкі шостага Усебеларускага народнага сходу. Але яны не мелі поспеху: апазіцыя не змагла прапанаваць сваім паплечнікам нічога, акрамя ідэі разбурыць дзяржаву і толькі потым думаць, што ствараць на яе месцы. Такая мадэль не для беларусаў, бо за ўсю гісторыю нашай краіны людзі перажылі столькі цяжкіх перыядаў, што зараз кожны хоча стабільнасці, спакою і жыцця ў агульнасці, якая дазваляла б нам сумесна развівацца.
У наш час, як ніколі шмат спроб “падагнаць” сваю праўду пад свае ж стандарты. І беларускаму грамадству трэба прымаць рашэнні, якія зберагуць краіну ад магчымага ўнутранага, знешняга супрацьстаяння, забяспечаць і надалей спакойнае і стабільнае жыццё.
Святлана СОБАЛЕВА.
Оставить комментарий