Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Наталля Ходзька ў фармаце адкрытага дыялогу правяла сустрэчу з працоўным калектывам першай гарадской школы, на якой былі абмеркаваны пытанні электаральнай кампаніі, а таксама актуальныя тэмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.
– Удзел у галасаванні – гэта грамадзянскі абавязак кожнага з нас, праяўленне нашых шчырых патрыятычных пачуццяў да сваёй Радзімы, клопат пра яе дабрабыт. Разам з тым, сваім выбарам мы вызначаем і будучыню нашых дзяцей, тое, у якой дзяржаве яны будуць жыць, якія каштоўнасці шанаваць і якімі прынцыпамі кіравацца, – акрэсліла ў сваім выступленні ўласную грамадзянскую пазіцыю Наталля Мікалаеўна.
Прадстаўнік улады выказала ўпэўненасць, што кожны з прысутных на сустрэчы ў адзін з дзён датэрміновага галасавання або ў асноўны дзень выбараў прыйдзе на выбарчы ўчастак і пакіне свой голас за моцную і квітнеючую Беларусь.
У размове з педагогамі намеснік старшыні райвыканкама згадала шлях краіны да суверэнітэту і эканамічнай стабільнасці. У час сустрэчы былі таксама закрануты тэмы інфармацыйнай гігіены, фэйкавых навін, недапушчальнасці праяўлення супрацьпраўных паводзін у перыяд электаральнай кампаніі, не засталося без увагі пытанне прафілактыкі кібербяспекі і іншыя.
Пасля завяршэння абмеркавання тэмы сустрэчы ўдзельнікі дыялогу мелі магчымасць задаць пытанні, якія іх цікавяць, і атрымаць на іх кампетэнтныя адказы. Так, гучалі пытанні, якія знаходзяцца ў зоне прафесійнай адказнасці сферы ЖКГ, узнімалася таксама тэма дарожнай бяспекі, гандлёвага абслугоўвання, аказання паслуг камбінатам бытавога абслугоўвання.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий