Жніво – асаблівы час, калі пах свежаскошаных каласоў напаўняе паветра, а па наваколлі разносіцца рокат камбайнаў, якія плывуць, нібы караблі, па бязмежным хлебным полі.
Адным зладжаным механізмам, які не церпіць збояў і непаладак, працуюць у гэтыя спякотныя дні камбайнеры, вадзіцелі, аператары і рабочыя збожжатокаў. На палетках у поўнай меры адчуваеш, наколькі напружаны кожны ўдзельнік уборачнай, наколькі высокая ступень іх адказнасці за агульную справу.
На палетках ААТ “Чалюшчавічы” гэтымі днямі горача і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Жніво выйшла на фінішную прамую і камбайнеры імкнуцца скарыстацца літаральна кожнай пагоднай гадзінай. Пры спрыяльных умовах надвор’я ў гаспадарцы плануюць завяршыць уборку зерневых у 7-дзённы тэрмін.
– У нас для гэтага ёсць усё: лепшыя механізатары, якасна падрыхтаваная да сезону тэхніка, дакладнае ўсведамленне калектывам пастаўленых задач, – пазначыў у час размовы нашаму карэспандэнту кіраўнік гаспадаркі Сяргей Ракіцкі.
Што да лепшых механізатараў, то мы мелі магчымасць у гэтым пераканацца асабіста. Так, добра вядомы нашым чытачам Руслан Качэля, штогадовы лідар па ўсіх відах палявых работ, сёлетнюю ўборачную кампанію праводзіць разам са сваёй жонкай Валянцінай.
Для парадку справы варта зазначыць, што Руслан цяпер з’яўляецца работнікам ААТ “Беларуськалій”. На прадпрыемстве мужчына працуе бульдазерыстам, аднак штогод і ў перыяд пасяўной, і на ўборачную кампанію вяртаецца на палеткі роднага сельгаспрадпрыемства, каб дапамагчы былым калегам-аграрыям у важнай справе – забеспячэнні харчовай бяспекі краіны.
Як паведаміў у час кароткай, аднак змястоўнай гутаркі Руслан Сяргеевіч, поспех камбайнера ў час уборачнай залежаць ад некалькіх складнікаў, у тым ліку і ад памочніка – у любой справе не пашкодзяць дадатковыя рукі.
У дасведчанага механізатара Руслана Качэлі гэта першы сезон сумеснай працы з жонкай Валянцінай. І ён ніколькі не пашкадаваў, што ўзяў сабе ў памагатыя менавіта яе.
– Лепшага памочніка для сябе не пажадаеш. Са сваімі абавязкамі Валянціна спраўляецца выдатна. Яна ў мяне вельмі адказная, акуратная і старанная. Ды і сумна з ёй не бывае: то раскажа што-небудзь цікавае, то жартам развесяліць.
Як прызналася Валянціна, першыя дні былі няпростымі: трэба было асвойваць новую для сябе справу і прывыкаць да рытму ўборачнай. Але муж дапамагаў, падказваў і накіроўваў.
– Я стараюся ўважліва назіраць за ягонымі дзеяннямі, пераймаць навыкі і прыёмы. Ведаеце, праца ў адным экіпажы аб’ядноўвае і матывуе на высокія паказчыкі, – падзялілася суразмоўца. – Мы стараемся дзейнічаць зладжана, аператыўна рэагуем на сітуацыі, якія ўзнікаюць. Адчуваецца, што мы – адзіная каманда. Я ўдзячна мужу за магчымасць атрымаць новы вопыт падчас жніва.
Вядома ж, калі побач родны чалавек, які і падкажа, і накіруе, і дапаможа, баяцца цяжкасцяў не варта. Радуе сямейны экіпаж і тая акалічнасць, што Руслану сёлета даверылі працаваць на новым камбайне, атрыманым гаспадаркай напярэдадні жніва. А значыць і давер, які ўскладае на іх кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, трэба апраўдаць спаўна.
У гаспадарцы сабралі ўжо больш за 75 % хлеба. На ўвесь ураджай патрэбны яшчэ тыдзень. Але адпачыць механізатарам наўрад ці ўдасца – паралельна з уборачнай стартавала пасяўная. З-за цёплага надвор’я сяўбу азімага рапсу тут пачалі раней, чым разлічвалі.
Ідзе па хлебнай ніве сямейны экіпаж Руслана і Валянціны з упэўненасцю ў заўтрашнім дні. А як інакш – вынік іх штодзённай працы і ёсць дзень заўтрашні, які прынясе на стол беларусаў духмяны бохан хлеба новага ўраджаю.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий