У мінулую пятніцу канферэнц-зала Петрыкаўскага лясгасу з самай раніцы сабрала прадстаўнікоў лясной галіны і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Нагодай для сустрэчы паслужыла важнае мерапрыемства – уручэнне вальшчыку лесу Грабаўскага лясніцтва Дзмітрыю Тарасенку Падзякі за выратаванне чалавека на пажары.
26 студзеня стаў другім днём нараджэння для жыхара аграгарадка Грабаў, якога выратавалі неабыякавыя і мужныя суседзі.
– Каля гадзіны ночы маёй жонцы патэлефанавала суседка. Жанчына была ўсхвалявана і напалохана. Аказалася, што перад сном яна выйшла на кухню выпіць лекі, паглядзела ў акно і ўбачыла, што ў суседнім доме прыадчынены ўваходныя дзверы і адусюль: вокнаў, дзвярэй, коміна – “валіць” слупам дым, – дзеліцца герой нашага матэрыялу.
Пачуўшы страшную навіну, гаспадар разам са сваім зяцем Гарыкам Хаджаянам, работнікам Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, які прыехаў у госці на Петрыкаўшчыну, пабеглі да месца здарэння. Як і сказала суседка: адусюль з дому выходзіў густы дым. Мужчыны з ліхтарыкам у руках зайшлі ўнутр. У памяшканні нічога не было відаць, толькі даносіўся слабы голас гаспадара. Дзмітрый успамінае: практычна навобмацак знайшлі ляжачага на падлозе суседа і вынеслі на свежае паветра.
– У той момант ні я, ні Гарык не задумваліся пра небяспеку. Успомнілася ўсё, чаму нас вучылі пра дзеянні ў такіх надзвычайных сітуацый. Дзейнічалі хутка, але ў той жа час і абачліва, – працягвае аповед мужчына. – Калі сусед ужо быў па-за небяспекай, мы ўдыхнулі свежага паветра і, затрымаўшы дыханне, вярнуліся ў дом. Ведалі, што з хвіліну на хвіліну прыедзе брыгада пажарных, але хацелі ліквідаваць узгаранне як мага хутчэй, каб не разгарэлася болей і зберагчы жыллё аднавяскоўцу.
Пры згадванні слова “гераізм”, Дзмітрый толькі ўсміхаецца і адводзіць сціпла погляд у бок. Сябе героем не лічыць. Паступіў так, як павінен паступіць сапраўдны мужчына ў адносінах да людзей. Гаворыць: выратаванае жыццё – гэта заслуга не толькі іх, а і жыхаркі Грабава Таццяны Бальшаковай, якая своечасова заўважыла ўзгаранне. “Няхай нашы дзеянні па выратаванні чалавека, паслужаць прыкладам для ўсіх землякоў”, – адзначае герой.
– Смеласць і рашучыя дзеянні, спалучаныя з рызыкай для жыцця, мужнасць, праяўленая мужчынамі пры выратаванні чалавека – прыклад таго, наколькі важна не заставацца неабыякавым чалавекам і пры неабходнасці быць гатовым аказаць своечасовую дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, – адзначыў падчас уручэння Падзякі начальнік Петрыкаўскага РАНС Яўген Болатцаў. – Ад усіх агняборцаў Петрыкаўшчыны гавару шчыры “дзякуй” Дзмітрыю. Яго ўчынак дэманструе сапраўдныя якасці беларусаў.
Таксама Яўген Мікалаевіч уручыў герою мерапрыемства вогнетушыцель, як знак павагі да яго работнікаў пажарнай службы.
Не застаўся ў баку ад віншаванняў і дырэктар Петрыкаўскага лясгаса Іван Торчык:
– У нашай краіне шмат смелых людзей, здольных прыйсці на дапамогу. Мне вельмі прыемна, што сённяшні герой – працаўнік лясной галіны. Такія людзі – гонар не толькі раёна, але і ўсёй краіны.
Часта разважаючы пра подзвіг, мы ўяўляем сабе грандыёзныя ўчынкі, якія здзяйсняюцца героямі ў неверагодных сітуацыях. Дзмітрый Тарасенка ўсім нагадаў: подзвігу ёсць месца ў паўсядзённым жыцці, у штодзённых рашэннях кожнага чалавека.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий