Спальванне смецця на ўчастку – распаўсюджаная практыка, якую многія гаспадары выкарыстоўваюць, каб пазбавіцца ад смецця. Аднак важна памятаць, што гэта можа быць небяспечна, калі не выконваць простыя правілы.
Паводле аператыўнай інфармацыі ў краіне за мінулыя выхадныя ліквідаваны 7 лясных пажараў, 1 тарфяны пажар і 37 пажараў травы і кустоўя. 21 паведамленне пра ўзгаранні ў прыродных экасістэмах паступіла з Гомельскай вобласці. Там жа – двое пацярпелых ад выпальвання сухой расліннасці.
31 жніўня ў 18:13 паступіла паведамленне пра пажар сухой расліннасці на тэрыторыі прыватнага домаўладання ў вёсцы Слінкі Петрыкаўскага раёна. Высветлілася, што мужчына дапамагаў сябру наводзіць парадак на прысядзібным участку. Яны спальвалі смецце, ад якога пачала гарэць сухая расліннасць. Абодва грамадзяніна прыступілі да самастойнага тушэння пажару і страцілі адзін аднаго з поля зроку. У нейкі момант гаспадар участку пачуў крыкі пра дапамогу і пабег да сябра. Мужчына знайшоў яго на зямлі – на ім гарэла вопратка. Неадкладна была выклікана хуткая медыцынская дапамога.
Пацярпелы з прыкметамі атручэння прадуктамі гарэння і апёкамі ў цяжкім стане быў дастаўлены ў бальніцу, але, праз пэўны час, ён памёр.
А ці можна спальваць?
З пункту гледжання нормаў пажарнай бяспекі, на прысядзібных участках дапускаецца кантралюемае развядзенне вогнішчаў для спальвання раслінных рэшткаў і лісця.
– Тут важна разумець, што размова ідзе менавіта пра кантралюемае спальванне смецця, прычым расліннага, – тлумачаць у МНС. – У іншай сітуацыі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
У адпаведнасці з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на пні, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў на зямельных участках – цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь.
Згодна з артыкулам 16.41 развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах, за выключэннем парушэнняў патрабаванняў пажарнай бяспекі, адказнасць за якія прадугледжана іншымі артыкуламі Асаблівай часткі Кодэкса, – цягне накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь.
Як спальваць бяспечна?
Пляцоўка для спальвання раслінных рэшткаў павінна быць выбрана такім чынам, каб выключыць магчымасць узнікнення пажару. Трэба адысці далей ад будынкаў, кустоў і дрэў, пераканацца, што вецер не будзе дзьмуць у бок будынкаў ці густой расліннасці. Самае спрыяльнае надвор’е – зацішнае, прахалоднае і вільготнае.
Металічная бочка ці скрыня стане выдатнай базай для вогнішча, з’яўляючыся дадатковай абаронай ад ператварэння вогнішча ў пажар.
Ні ў якім разе для распальвання не выкарыстоўвайце гаручыя і лёгкія на загаранне вадкасці. А вось сухія галінкі, дровы і газета выдатна падыдуць для распальвання.
Ніколі не пакідайце вогнішча без нагляду. Заўсёды павінен быць нехта побач, каб кантраляваць агонь і прадухіляць яго распаўсюджванне. Калі вы пакідаеце месца спальвання смецця, пераканайцеся, што агонь цалкам патушаны.
Пастаўце побач з вогнішчам вядро вады з рыдлёўкай або вогнетушыцель. Гэта неабходна для ліквідацыі магчымага пажару.
Спальванне расліннага смецця на ўчастку можа быць бяспечным і эфектыўным спосабам утылізацыі раслінных адходаў, калі прытрымлівацца гэтых простых правілаў бяспекі.
Арцём ГУСЕЎ,
па матэрыялах РАНС.
Оставить комментарий