Заўтра ў Беларусі пройдзе важная палітычная падзея – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта самая маштабная электаральная кампанія ў нашай краіне. Беларусы не проста выбіраюць кіраўніка дзяржавы, які прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, адстойвае яе інтарэсы і абараняе суверэнітэт. Народ выбірае шлях, па якім будзе надалей развівацца дзяржава ва ўсіх адносінах: палітычным, эканамічным, сацыяльным.
Высокая актыўнасць на датэрміновым галасаванні – толькі за тры першыя дні прынялі ўдзел больш за 27 працэнтаў ад агульнай колькасці грамадзян, уключаных у спісы галасавання – паказчык кансалідацыі ўсяго беларускага грамадства, яго палітычнай адказнасці за будучыню краіны. Ступень яднання, якая на сённяшні дзень назіраецца ў нашага народа, павінна выклікаць у сапернікаў зайздрасць, а ў сяброў – павагу.
Петрыкаўшчына, як і другія рэгіёны краны, актыўна праяўляе сябе ў электаральнай кампаніі. Землякі ідуць на выбарчыя ўчасткі сем’ямі, разам з дзецьмі, унукамі і праўнукамі, калектывамі. Не застаюцца ўбаку падзеі грамадскія арганізацыі і партыі, моладзь, старэйшае пакаленне. Жыхары раёна жадаюць быць датычнымі да развіцця краіны і, адпаведна, малой радзімы.
Несумненна, 26 студзеня выбаршчыкі Рэспублікі скажуць сваё важкае слова. Апытанні грамадскай думкі сведчаць аб тым, што яўка ў асноўны дзень галасавання будзе высокая. Беларусы хочуць прыйсці на выбарчы ўчастак, каб прагаласаваць за мір, стабільнасць, далейшае развіццё краіны. За адкрытасцю, дэмакратычнасцю дадзенай электаральнай кампаніі назіраюць жыхары многіх краін – у Беларусь прыехала сорак доўгатэрміновых назіральнікаў, якія актыўна наведваюць рэгіёны, маюць зносіны з людзьмі. Замежныя прадстаўнікі адкрыта заяўляюць: выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праходзяць арганізавана, на пазітыве, ніякага напружання на ўчастках няма. Каля трохсот назіральнікаў з сямі краін СНД акрэдытаваны ў асноўны дзень галасавання, што дэманструе цікавасць з боку суседзяў да палітычнага жыцця нашай краіны.
Заўтра народ Беларусі абярэ свайго лідара, той шлях, па якім будзе развівацца краіна ў наступныя гады. На кожнага з нас ускладзена вялікая адказнасць за будучыню сінявокай, яе развіццё. Няхай гэты выбар будзе зроблены ад сэрца, для далейшага працвітання нашай прыгожай і незалежнай зямлі!
Святлана СОБАЛЕВА.
Оставить комментарий