ЖНІВО-2025: На Петрыкаўшчыне пачалася ўборка збожжавых

0
391

Ячмень азімы зажынае

Спякотныя летнія дні, якія ўсталяваліся напрыканцы мінулага тыдня, аказаліся гарачымі не толькі ў плане тэмпературы – аграрыям яны прынеслі старт жніва.
У якасці зажыначнай культуры выступіў азімы ячмень, а першажніўнай гаспадаркай сёлета стала вядучае сельгаспрадпрыемства раёна – СУП “Палессе-Аграінвест”. Мы накіраваліся на палеткі гаспадаркі, каб зняць першы ў гэтым годзе выхад камбайнаў у поле.

Як пазначыла кіраўнік сельгас-прадпрыемства Алена Асадчая, сёлета пад азімы ячмень у гаспадарцы адведзены 199 гектараў.

Пачалося жніво ва ўрочышчы “Між шляхоў”. Механізатары на гэтым палетку хутка і якасна, з улікам пераменлівага прагнозу надвор’я, убралі культуру з плошчы 17 гектараў.
Пра масавае жніво гаварыць пакуль не выпадае: у адрозненне ад жніўнага “першынца”, іншыя культуры яшчэ даспяваюць, таму ячмень ва ўрочышчы абмалочвала адно механізаванае звяно.
– Хоць работа добра знаёмая, але ўсё роўна пачынаць жніво штогод хвалююча. Як усё пой-дзе, ці спраўдзяцца надзеі на ўраджай, ці не будзе непрадбачаных сітуацый, – дзеліцца думкамі Алена Асадчая.
Пачынаць жніво заўсёды пачэсна, упэўнены механізатары. Як сапраўдныя гаспадары, яны добра ведаюць цану кожнаму каласку, які важна сабраць у вызначаны тэрмін і захаваць у яго найлепшых кандыцыях.
У першы дзень жніва ва ўрочышчы “Між шляхоў” на зернеўборачным камбайне КЗС 1218 шчыраваў вопытны камбайнер Віктар Сугрэй. Вадзіцель МАЗа Дзмітрый Вяргей на сваім хуткім жалезным кані дастаўляў збожжа новага ўраджаю на зерняток. Васілій Куцько ўслед за камбайнам на прэс-падборшчыку прасаваў салому, пакідаючы пасля сябе ўнушальных памераў рулоны, упакаваныя ў стрэйч-плёнку. За рулём касілкі ў дзень старту жніва працаваў Уладзімір Цалка, а за пажарную бяспеку пры правядзенні ўборкі азімага ячменю адказваў Ян Пракапенка.
Назіраючы за зладжанай работай механізатараў, лаўлю сябе на думцы: задача хутка і якасна ўбраць палетак вопытнаму і матываванаму на агульны высокі вынік калектыву па плячы.
І вось ужо ёсць першы бункер залацістага зерня! Дзмітрый Вяргей пакідае палетак і спяшаецца на зерняток, дзе пра збожжа новага ўраджаю паклапацяцца работнікі току.
Гарачая пара ўборкі толькі пачынаецца. Паступова наліваецца спелымі каласамі хлебная ніва – і зусім хутка жніво ў гаспадарках раёна ўступіць у сваю актыўную фазу. Мы ж, у сваю чаргу, дзякуем вам, шаноўныя хлебаробы, за вашу нялёгкую і такую важную для краіны і раёна працу, якая ў сезон не мае нарміраванага графіка і выхадных. Няхай усе надзеі вашы на новы ўраджай спраўдзяцца. Удачы вам, цярпення, сіл!

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о