Карэспандэнты “ПН” наведалі Капцэвіцкую сярэднюю школу, каб паглядзець, чым хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца ў лагеры працы і адпачынку.
Лета для некаторых школьнікаў – час не толькі адпачыць, але і атрымаць новы працоўны вопыт. Магчымасці для гэтага прадастаўляюць лагеры працы і адпачынку. Падлеткі могуць нават зарабіць першыя грошы ў сценах роднай школы.
Швейная машынка, нажніцы, сантыметровая стужка – з усім гэтым актыўна працавалі рабяты, калі мы з’явіліся на тэрыторыі ўстановы адукацыі.
Працоўны графік прадуманы так, каб заставалася дастаткова вольнага часу: пасля поўдня рабяты ўдзельнічаюць у спартыўных і прафілактычных мерапрыемствах, ёсць час і проста пагутарыць, а збалансаванае трохразовае харчаванне гарантуе бацькам спакой за здароўе дзяцей.
Лагер наведваюць 10 навучэнцаў – сярод іх дзеці, якія знаходзяцца на розных відах уліку, са шматдзетных сем’яў. Настаўнік працоўнага навучання Іна Гладкая таксама падзялілася, што ў лагер імкнуцца прыцягнуць дзяцей з сем’яў, якія маюць патрэбу ў дадатковай дапамозе і клопаце. – Гэтых рабят мы бяром у першую чаргу. Дзеці змогуць адчуць, што грошы не бяруцца з кішэняў бацькоў, а іх трэба зарабіць сваёй працай, – дадала Іна Леанідаўна.
Што прыемна здзівіла, у працоўным лагеры ёсць і двое хлапчукоў. Пагадзіцеся, рэдкая з’ява ўбачыць хлопца за швейнай машынкай.
Падчас летніх канікул замест звыклага хатняга вольнага часу дзеці выбралі актыўны адпачынак і магчымасць самастойна зарабіць свае першыя грошы. У кожнага ўжо ёсць выразны план расходаў: напрыклад Кірыл і Міша выдаткуюць заробак на асабістыя патрэбы і падрыхтоўку да новага навучальнага года, Юля – адкладае на паездку, іншыя навучэнцы збіраюць грошы на важную пакупку і асабістыя расходы.
– Мне падабаецца пачуццё, што я змагу набыць сама, а не прасіць у бацькоў, – адзначае Юлія Марозька.
Варта адзначыць, што рабяты займаюцца не толькі пашывам пасцельнай бялізны, а таксама ў год добраўпарадкавання дапамагаюць роднай школе падрыхтавацца да новага навучальнага года. Аказваюць валанцёрскую дапамогу былому вязню Веры Мікалаеўне Казловіч і адзінокапражываючым людзям сталага ўзросту.
– Калі ёсць магчымасць папрацаваць у лагеры, то, вядома, трэба згаджацца. Гэта добрая магчымасць зразумець, што такое праца, – раіць Кірыл Пянькоўскі.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Оставить комментарий