Разгар зімы ў лясной гаспадарцы – час збору шышак. Карэспандэнт раённай газеты адправілася ў Мышанскае лясніцтва, каб на свае вочы ўбачыць зімовыя клопаты тых, для каго лес стаў прызваннем і прафесіяй.

Нягледзячы на тое, што прырода знаходзіцца ў зімовай спячцы, у лесаводаў спраў і клопатаў хапае. Ужо па дарозе на аб’ект галоўны ляснічы Петрыкаўскага лясгаса Дзяніс Макарэцкі распавёў пра пароды хвойных дрэў, якімі багатая Петрыкаўшчына:
– Ствараем на тэрыторыі нашага раёна лясныя культуры каштоўных парод, прычым строга выконваецца тэхналогія іх вырошчвання, кантралюецца прыжывальнасць. Пры неабходнасці праводзім работы па дапаўненні лясных культур. Словам, галоўная задача лесаводаў – захаванне і прымнажэнне лясных багаццяў нашай краіны.
Для правядзення работ па лесааднаўленні неабходны якасны насенны матэрыял. А разгар зімы як раз і з’яўляецца аптымальным момантам для нарыхтоўкі шышак, бо тым часам яны ўжо саспелі, але яшчэ не расчыніліся, захоўваючы насенне ўсярэдзіне.
У такіх размовах час праходзіць незаўважна, і мы прыбываем на лесанасенную плантацыю №2 хвоі звычайнай 2-га парадку каля вёскі Мышанка, дзе і праходзіць збор шышак.
– Звяртаю вашу ўвагу на тое, што кроны дрэў на плантацыі сфарміраваны такім чынам, каб было зручна ажыццяўляць збор. Леснікі сочаць за насаджэннямі, абразаюць сухія галінкі, фарміруюць кроны, праводзяць агратэхнічныя догляды, – адзначае Дзяніс Эдуардавіч.
Мінуўшы яшчэ некалькі шэрагаў, мы заўважаем работнікаў, якія вядуць збор шышак. Падыходзім і некаторы час назіраем за іх дзеяннямі. Гэтую працу ў дзень візіту карэспандэнта выконвалі лесаводы Юрый Каленік, Дзмітрый Назараў, Ігар Герасіменка і трактарыст Яўгеній Серада. Абтросшы хваёвыя галінкі ад снега, мужчыны аглядаюць іх і збіраюць ураджай.
– У гэтым годзе ўраджайнасць добрая, хвоі радуюць багаццем, – падзяліўся лесавод Юрый Каленік.
Для Юрыя Станіслававіча гэта далёка не першая “гарачая пара” для збору шышак. Ён у прафесіі больш за 20 гадоў, кожны сезон са снежня па сакавік працуе на зборы лесанасеннай сыравіны.
– У мяне вока “навостранае”, адразу вызначаю, якая шышка падыходзіць для перапрацоўкі, а якую прыйдзецца адбракаваць, – дзеліцца суразмоўца.
Прыгодныя шышкі леснікі збіраюць у вядро, фармуюць партыю. Там, дзе група зборшчыкаў ужо прайшла, павінны застацца абсалютна пустыя хвоі.
Зрэшты, на выпадак неўраджаю існуе запас насення, якое захоўваецца ў ідэальна створаных умовах. У цэлым жа нарыхтаваныя шышкі праходзяць шэраг стадый перапрацоўкі і кантролю. Сабраны ўраджай адпраўляецца у Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр, дзе ў выніку складанага тэхналагічнага працэсу атрымліваюць якаснае палепшанае насенне. Пасля насенне адпраўляецца ў Мінскі селекцыйны цэнтр, дзе правяраюць на ўсходжасць і іншыя параметры і выдаюць пасведчанне якасці. Так што ўсе пасадкі выконваюцца толькі якасным і сертыфікаваным матэрыялам.
– Здзяйсняючы нарыхтоўку шышак хвоі, паралельна вызначаем выхад насення і ступень іх пашкоджанасці. Эканамічны эфект ніхто не адмяняў. На сённяшні дзень нарыхтавана 8 тон насення і работы па нарыхтоўцы будуць працягвацца да сакавіка месяца, – пазначыў ляснічы Мышанскага лясніцтва.
Збор шышак вядзецца не толькі на лесанасеннай плантацыі №2, але і ў іншых лесанасаджэннях Петрыкаўскага лясгаса.
У 2019 годзе ў Петрыкаўскім лясгасе была высаджана новая плантацыя хвоі другога парадку. Прыемна адзначыць, што больш за 10 тысяч саджанцаў з высокімі генетычнымі якасцямі былі сабраны з усіх лясгасаў краіны. Гэта дазволіць праз 10 гадоў атрымаць новую плантацыю для збору якаснага насення, забяспечваючы ўстойлівае развіццё лясных рэсурсаў.
Дзякуючы адказнай працы лесаводаў, на Петрыкаўшчыне прадоўжаць зелянець лясы, а з сабраных у гэтыя дні шышак вырастуць сотні стройных дрэўцаў.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий