На гэтым тыдні памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў наведаў Петрыкаўшчыну. У час рабочай паездкі правёў сустрэчу з калектывам Петрыкаўскага рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій”, прыём грамадзян у райвыканкаме, наведаў гадавальнік лясгасу.

Рабочая паездка памочніка Прэзідэнта пачалася з наведвання вядучага прамысловага прадпрыемства раёна – Петрыкаўскага рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій”.
Сустрэчы з працоўным калектывам папярэднічала стэндавая прэзентацыі прадпрыемства дырэктарам Юрыем Пятроўскім, у час якой кіраўнік распавёў пра вынікі работы рудніка, акрэсліў перспектывы на бліжэйшы год і пяцігодку.
Петрыкаўскае рудаўпраўленне – самае маладое, аднак яно сярод падраздзяленняў ААТ “Беларуськалій” хутка развіваецца. З году ў год тут нарошчваюць вытворчыя магутнасці і аб’ёмы здабычы калійных соляў. Працуе прадпрыемства і на экспарт, і для прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу краіны. Па выніках работы за мінулы год на Петрыкаўскім рудніку здабыта больш за мільён сто тысяч тон калійных угнаенняў.
Цікавіўся памочнік Прэзідэнта рынкамі збыту і лагістычнымі момантамі рэалізацыі прадукцыі, не абышоў увагай і тэму сацыяльных гарантый, якія створаны для работнікаў прадпрыемства.
Перспектыўныя напрамкі развіцця ў розных галінах па Гомельскай вобласці і краіне абазначыў памочнік Прэзідэнта на сустрэчы з калектывам Петрыкаўскага рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій”.
Юрый Горлаў у час выступлення акцэнтаваў увагу на тым, што нават ва ўмовах непрадказальнасці сучасных геапалітычных працэсаў і санкцыйнага ціску наша краіна не проста выстаяла, але і стала мацней.
Ён засяродзіў увагу на эканамічных поспехах, высокіх тэхналогіях у медыцыне, якасці адукацыі і іншых пытаннях. Адмысловая ўвага ў час сустрэчы была нададзена рабоце прадпрыемства.
Юрый Горлаў таксама згадаў пра мінулую электаральную кампанію, падкрэсліўшы важнасць удзелу кожнага грамадзяніна ў фарміраванні дзяржаўнай палітыкі.
– Мы павінны шанаваць тое, што маем, імкнуцца да лепшага і разумець, што жывем у мірнай і квітнеючай краіне, – адзначыў Памочнік Прэзідэнта і дадаў: – 2025 год стане пачаткам новага пяцігадовага этапа развіцця.
На сённяшні дзень пяцігодка якасці – гэта наша агульная задача, і толькі разам мы зможам яе рэалізаваць, – пазначыў у завяршэнні выступлення Юрый Горлаў.
Працягам сустрэчы стаў адкрыты дыялог, у час якога кожны жадаючы змог задаць хвалюючыя пытанні.
Аднак напачатку Юрый Горлаў назваў самыя буйныя праекты, якія плануецца рэалізаваць у бліжэйшыя гады. “Узгоднена інвестпраграма на 2025 год, якая пацвярджае фінансаванне будаўніцтва Усходняга абходу ў Гомелі з узвядзеннем моста. Гэта вельмі буйны праект, на рэалізацыю якога спатрэбіцца не адзін год. Прыступілі і да пашырэння трасы М10 – у чатырохпалосным выкананні ў гэтым годзе пачнецца работа ў накірунку Калінкавічаў”, – распавёў ён.
Юрый Горлаў таксама пазначыў, што рашэнне па будаўніцтве спартыўнага комплексу з басейнам узгоднена на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. “Наш Прэзідэнт падтрымаў прапанову “Беларуськалія” па выдзяленні ўчастка пад забудову, даў згоду на адчужэнне сельскагаспадарчых зямель. Гэта дастойны аб’ект, які будзе адпавядаць усім патрабаванням і неабходнаму ўзроўню камфорту для жыхароў раёна. Яго будаўніцтва пачнецца ў другім паўгоддзі 2025 года”.
Удзельнікаў сустрэчы таксама цікавіла тэма развіцця і электрыфікацыі чыгуначнага транспарту па паўднёвым калідоры, аднаўлення прамых рэйсаў да сталіцы, а таксама карэкціроўка ў частцы прадаўжэння рэжыму работы паромнай пераправы. Зайшла размова аб узвядзенні моста праз Прыпяць у накірунку вёскі Вялаўск аўтадарогі Петрыкаў-Мазыр, які амаль удвая скараціў бы шлях ад аднаго райцэнтра да другога. Гэтую тэму ўзялі на кантроль для далейшага абмеркавання і прапрацоўкі на ўзроўні Міністэрства транспарту.
На заканчэнне сустрэчы памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці нагадаў, што будучая пяцігодка будзе праходзіць пад знакам добраўпарадкавання і якасці. “Пытанне якасці было і застаецца нумар адзін, і нам яшчэ трэба будзе ўдасканальвацца ў гэтым напрамку. А для гэтага кожны з нас павінен унесці і свой уклад у развіццё краю, у якім жывем”, – рэзюмаваў ён.
На базе раённага выканаўчага камітэта прайшоў прыём грамадзян.
На прыём да Юрыя Горлава запісаліся шэсць заяўнікоў. Сярод хвалюючых пытанняў, з якімі жыхары вобласці звярнуліся да памочніка Прэзідэнта, – выдзяленне сацыяльнага жылля для сям’і, у якой пражывае інвалід І групы, жылля арэнднага, аказанне садзеяння ў пытанні медыцынскага абследавання і іншыя. Па ўсіх пытаннях грамадзянам дадзены тлумачэнні.
Завяршыўся візіт на Петрыкаўшчыну памочніка Прэзідэнта наведваннем гадавальніка Петрыкаўскага лясгаса, на базе якога сёлета рэалізуецца пілотны праект па вырошчванні галандскіх цюльпанаў.
Кіраўніцтва лясгаса прэзентавала першыя вынікі сваёй работы. Памочнік Прэзідэнта цікавіўся ўсім вытворчым цыклам ад ацяплення цяпліцы і сістэмы паліву, да тэхналогіі вырошчвання. Удакладніў магчымасць выкарыстання айчыннага пасадачнага матэрыялу.
Не абышоў увагаю Юрый Горлаў і пытанні плануемай рэнтабельнасці. Яно і зразумела: падобныя ініцыятывы павінны быць падмацаваны эканамічным вынікам.
Юрый Мікалаевіч ацаніў намаганні лесаводаў раёна, пажадаў не спыняцца і рэалізаваць яшчэ не адзін праект.

У полі зроку памочніка Прэзідэнта –  вытворчасць і сацыяльны дабрабыт У полі зроку памочніка Прэзідэнта –  вытворчасць і сацыяльны дабрабыт

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о