Сімвалічным працягам Злёту перадавікоў было адкрыццё абноўленай раённай Дошкі гонару. Пачэснае месца на гарадской плошчы занялі партрэты лепшых работнікаў і шыльды з пазначэннем працоўных калектываў Петрыкаўшчыны.
З прамовай да прысутных звярнулася старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Усціновіч-Насека, якая павіншавала лепшых працаўнікоў Петрыкаўшчыны і пажадала землякам напярэдадні Свята Вясны і Працы здароўя, невычарпальнай жыццёвай энергіі для дасягнення новых вытворчых вяршынь.
Далучыўся да віншаванняў генеральны дырэктар Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Юрый Апановіч, які быў ганараваны званнем “Кіраўнік года-2023”. “Мне вельмі прыемна пільная ўвага кіраўніцтва раёна і высокая адзнака работы ўсяго нашага калектыву. Вядома, годныя паказчыкі ў працы можна атрымаць толькі дзякуючы зладжанай рабоце сапраўднай каманды прафесіяналаў. Але, скажу шчыра, права займаць гэтае пачэснае месца на Дошцы гонару выклікае і ўсведамленне абавязку і надалей працаваць шчыра і аддана сваёй справе і не спыняцца на дасягнутым”, – адзначыў Юрый Аляксандравіч.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан і генеральны дырэктар “Прыпяцкага” Юрый Апановіч перарэзалі чырвоную стужку пад апладысменты лепшых людзей працы нашага раёна.
Гэтае сімвалічнае падвядзенне вынікаў падвяло рысу і перагарнула старонку працоўнага летапісу Петрыкаўшчыны. Спадзяёмся, што наперадзе будзе яшчэ шмат ганаровых радкоў на карысць нашага агульнага дабрабыту і развіцця рэгіёна, вобласці і краіны.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий