Арганізацыйная сесія зноў абранага Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў прайшла сення ў вялікай зале райвыканкама.
У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан, дэпутат Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар ААТ “Тураўскі малочны камбінат” Вольга Луцко, члены раённай выбарчай камісіі, члены раённага выканаўчага камітэта, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама і арганізацый раёна.
Старшыня раённай выбарчай камісіі Кацярына Бекарэвіч праінфармавала прысутных аб выніках адзінага дня галасавання.
Так, у час перадвыбарнай кампаніі на 34 выбарчых акругах у раённы Савет дэпутатаў выбарчай камісіяй было зарэгістравана 68 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, што ў сярэднім склала 2 кандыдаты на адно месца. Пры высокай актыўнасці выбаршчыкаў (84,8%) у састаў Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў былі абраны 34 дэпутаты.
Першая сесія Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання прайшла сёння з наступнай рабочай павесткай.
- Аб прызнанні паўнамоцтваў Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.
- Аб абранні старшыні Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.
- Аб абранні намесніка старшыні Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.
- Аб утварэнні пастаянных камісій Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.
- Аб зацвярджэнні складаў пастаянных камісій Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.
- Аб абранні старшыняў пастаянных камісій Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.
- Аб утварэнні прэзідыума Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.
Пасля прызнання паўнамоцтваў Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання дэпутацкі корпус перайшоў да вылучэння кандыдата на пасаду старшыні райсавета.
Дэпутат Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Вольга Луцко ад імя старшыні абласнога Савета дэпутатаў Кацярыны Зянкевіч прапанавала кандыдатуру Віталя Пілера.
Дэпутаты райсавета Наталля Камнацкая, Ганна Пырко і Валянціна Ермалінская падтрымалі кандыдатуру Віталія Уладзіміравіча, адзначыўшы яго прафесійныя і чалавечыя якасці, вопыт работы, сумленнае стаўленне да службовых абавязкаў.
Тайным галасаваннем 31 дэпутат, прысутны на першай сесіі Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, аддаў свой голас за Віталія Пілера. Такім чынам, старшынёй Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання абраны дэпутат ад Конкавіцкай выбарчай акругі № 13 Віталій Уладзіміравіч Пілер.
Са словамі віншавання да абранага старшыні райсавета звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан.
«Дазвольце мне ад Вашага імя і ад сябе асабіста павіншаваць Пілера Віталя Уладзіміравіча з абраннем на пасаду старшыні Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў, а таксама пажадаць яму моцнага здароўя, поспехаў на гэтай нялёгкай і адказнай пасадзе.
Упэўнены, што наша сумесная работа з дэпутатамі, кіраўнікамі, актывам паслужыць далейшаму развіццю і дабрабыту Петрыкаўскага раёна».
Словы падзякі за сумесную плённую працу ў Петрыкаўскім раёне старшыня райвыканкама выказаў у адрас былога старшыні райсавета Макарэвіча Сяргея Аляксандравіча.
– За перыяд работы на пасадзе старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Аляксандравічам было шмат зроблена па добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы выканкамаў пярвічнага ўзроўню. Шчыра дзякую Вам, Сяргей Аляксандравіч, за сумленную і прадуктыўную працу. Няхай кожны працоўны дзень і надалей будзе плённым і прыносіць радасць ад праведзенай працы!
Жадаем Вам моцнага здароўя, дабрабыту, удачы і далейшых поспехаў.
У сваю чаргу Сяргей Аляксандравіч выказаў словы ўдзячнасці за сумесную працу ўсім прысутным і пажадаў новаму дэпутацкаму корпусу плённай працы на карысць Петрыкаўшчыны.
Галіна Казак.
Фота Арцёма ГУСЕВА.
Оставить комментарий