7 лістапада Рэспубліка Беларусь адзначыла памятную дату – 107 гадоў з Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У памяць пра мінулае

Ушаноўваючы гэты дзень сярод іншых дат, мы аддаем даніну памяці таму часу, калі наш народ атрымаў імпульс для развіцця беларускай дзяржаўнасці. Пераадолеўшы шматлікія выпрабаванні, беларусы занялі годнае месца ў вялікай сям’і народаў свету.

У многіх гарадах прайшлі ўрачыстыя мітынгі з ускладаннем кветак да помніка Леніну, святочныя канцэрты, дыялогавыя пляцоўкі.

7 лістапада на гарадской плошчы ўшанаваць памятную дату сабраліся і жыхары горада Петрыкава: прадстаўнікі адміністрацыі раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Верамеевым, супрацоўнікі сілавых структур, актывісты грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, члены працоўных калектываў розных пакаленняў.

З уступным словам выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер:

– Сёння Рэспубліка Беларусь адзначае 107-ю гадавіну з Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Свята, якое па-ранейшаму застаецца дзяржаўным і ўсенародным. Можна па-рознаму адносіцца да мінулага нашай краіны, але нельга перакрэсліць гісторыю перыяду цяжэйшых грамадскіх узрушэнняў і вялікіх дасягненняў, працоўныя і ваенныя подзвігі нашага народа. Кастрычнік 1917 года аказаў глабальны ўплыў на ход усёй гісторыі, гэта можна ўбачыць і на прыкладзе наша раёна.

Шчыра жадаю стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, дабра і дабрабыту вам і вашым сем’ям!

На самой справе, за гады сацыялістычнага будаўніцтва наша краіна дасягнула росквіту, які і сёння гарантуе нам стабільнасць і веру ў тое, што далей будзе толькі лепш.

У памяць аб гістарычным мінулым, аб дасягненнях і здзяйсненнях Кастрычніцкай рэвалюцыі, у знак падзякі за плённую працу, за перамогу на франтах Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка Леніна.

Пасля ўрачыстага мітынгу зала раённага Дома культуры сабрала гасцей для святочнага канцэрта “Чырвоны дзень календара”.

Для віншавання і ўручэння медалёў “80 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь” на сцэну быў запрошаны ваенны камісар Петрыкаўскага раённага ваеннага камісарыята падпалкоўнік Аляксандр Адамоўскі. Медалямі былі ўзнагароджаны Георгій Верашчакоў, Уладзімір Жукавец, Леанід Алехнік, Мікалай Жукоўскі, Аляксандр Сацура, Міхаіл Сойма, Аляксандр Трухановіч, Рыгор Харланаў. Аляксандр Рыгоравіч падзякаваў кожнаму ветэрану за плённую і годную працу на карысць кожнага з нас і пажадаў моцнага здароўя, шчасця, мірнага неба над галавой.

Не менш важнай стала гэта дата і для вучняў Капаткевіцкай школы, якія назаўсёды развіталіся з піянерскімі гальштукамі і ўступілі ў рады Беларускай рэспублі-канскай піянерскай арганізацыі, атрымаўшы маладзёжныя білеты. Першы сакратар Петрыкаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання БРСМ Дар’я Туравец павіншавала новых членаў маладзёжнай арганізацыі і пажадала ўсім міру, дабрабыту і новых дасягненняў на карысць нашай краіны.

Творчыя нумары ўдзельнікаў канцэрта перанеслі прысутных у атмасферу мінулага і дапамаглі адчуць сапраўдны гонар за наш народ і  нашу краіну.

Анастасія КІСЕЛЁВА. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о