У Новы год без здарэнняў

0
63

Навагоднія і калядныя святы – гэта заўсёды асаблівы і чароўны настрой не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. Але нават падчас святочнай весялосці не трэба забываць пра бяспеку. Каб доўгачаканая ўрачыстасць не стала трагедыяй, трэба ведаць і памятаць простыя рэкамендацыі.

Піратэхніка

Ад простых хлапушак да суперсучасных феерверкаў і петард – асартымент піратэхнікі ўражвае сваёй разнастайнасцю. Асабліва папулярнай такая прадукцыя становіцца напярэдадні зімовых свят – аматараў «запаліць» у навагоднюю ноч заўсёды нямала. Аднак часам падобная «весялосць» абарочваецца сур’ёзнымі траўмамі. Прычын можа быць некалькі: сумнеўная якасць тавару, няправільнае захоўванне або парушэнне правіл эксплуатацыі. Але з усім можна справіцца, галоўнае – падысці да гэтага адказна.

Купля. Піратэхнічныя вырабы купляйце толькі ў спецыялізаваных крамах. Не згаджайцеся на больш выгадныя прапановы – вочы і рукі ў выпадку ўзнікнення няштатнай сітуацыі абыдуцца даражэй. Папрасіце ў прадаўца сертыфікат бяспекі. Звярніце ўвагу на тэрмін прыдатнасці (як правіла, піратэхніка захоўваецца не больш за тры гады) і інструкцыю (абавязкова на беларускай ці рускай мове), якую неабходна вывучыць. Разгледзьце ўпакоўку і сам выраб: дэфектаў быць не павінна, кнот – заклеены ці схаваны пад абгортку.

Купіў. Дзе захоўваць? Памяшканне павінна быць сухім і без якіх-небудзь крыніц агню. Таксама нельга трымаць піратэхніку каля батарэй ацяплення. Напрыклад, балкон ці кухня ў якасці склада зусім не падыходзяць: выраб альбо адсырэе (прасушваць яго не варта) і ў лепшым выпадку не спрацуе, а ў горшым – стрэліць з затрымкай у самы непадыходзячы момант. Або наадварот, паступова награваючыся, спрацуе самаадвольна.

Запуск. Самы адказны момант – піратэхніка ў дзеянні. Не спадзявайцеся на свае веды з мінулага – перш чым запускаць, абавязкова прачытайце інструкцыю яшчэ раз: у кожнага выраба свае асаблівасці, будзьце ўважлівымі. Важна! Для дома – максімум бенгальскія агні, астатняй піратэхніцы месца на вуліцы. Эфектна салютаваць з балкона таксама не варта. Для запуску патрэбна адкрытая пляцоўка, вольная ад будынкаў, дрэў, лёгкіх на ўзгаранне прадметаў. Важныя ўмовы – зацішнае надвор’е і адлегласць да ліній электраперадач – 30 метраў і больш. Гледачам трэба адысці на адлегласць, указаную ў інструкцыі. Падпальваць кнот варта на адлегласці выцягнутай рукі. Пры гэтым накіроўваць салют у бок людзей не варта. Калі ж піратэхніка не спрацавала – не трэба падпальваць яе зноў, не нахіляйцеся над ёй, каб высветліць, што здарылася.

Навагодняя елка

Устаноўка. Елка павінна стаяць на трывалым падмурку і быць добра замацавана, каб яе не маглі упусціць ні маленькія дзеці, ні хатнія жывёлы. Елку варта размясціць далей ад батарэй ацяплення і электрапрыбораў. Побач з елкай нельга ставіць падсвечнікі са свечкамі. Любы неасцярожны рух можа прывесці да пажару.

Упрыгожванне. Не рабіце «снег» з ваты або любых іншых рэчываў, якія лёгка ўзгараюцца: няўдалае пападанне бенгальскага агню – і ўся канструкцыя загарыцца. Пры ўпрыгожванні навагодняй елкі не карыстайцеся свечкамі: адкрыты агонь можа стаць непрыемным момантам свята. Устрымайцеся ад самаробных цацак з лёгкагаручых матэрыялаў.
Трохі пра гірлянды і ілюмінацыю. Гірлянда павінна быць якаснай, сертыфікаванай, бяспечнай, а яе ізаляцыя – шчыльнай, гнуткай і без знешніх пашкоджанняў, лямпачкі – закрытымі. Каробка пераключальніка рэжымаў не павінна лёгка прагінацца. Работу гірлянды трэба праверыць загадзя перад тым, як яе вешаць, звярнуўшы асаблівую ўвагу на праблемныя месцы: злучэнне проваду з відэльцам, проваду – з пераключальнікам рэжымаў, проваду – з лямпачкамі.
Упрыгожваючы елку, старайцеся не апускаць гірлянды блізка да падлогі, паколькі іх могуць зачапіць дзеці ці хатнія жывёлы. Елка з навагоднімі цацкамі і ўпрыгожваннямі можа перакуліцца і ўдарыць токам. Таксама адно з важных правілаў – не пакідайце гірлянды уключанымі на ноч ці ў той час, калі дома нікога няма. Не рабіце светлавыя эфекты з ужываннем хімічных і іншых рэчываў, бенгальскіх агней і хлапушак – ад іх можа загарэцца елка.

Паважаныя грамадзяне, калі Вы трапілі ў бяду або з’яўляецеся відавочцам надзвычайнай сітуацыі, неадкладна выклікайце ратавальнікаў па нумары 101 ці 112! Бяспечных вам свят!

Сяргей ШАМРА,
інспектар сектара прапаганды Петрыкаўскага РАНС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о