Губернатар вобласці Іван Крупко на мінулым тыдні наведаў гарадскі пасёлак Капаткевічы. Галоўная тэма візіту – запланаванае на 2024 год маштабнае добраўпарадкаванне населенага пункта. Кіраўнік вобласці падрабязна азнаёміўся з дзейнасцю ўстаноў сацыяльнай сферы, засяродзіўшы ўвагу на бягучых пытаннях і праблемах.

Першым аб’ектам наведвання губернатара стаў гарадскі Дом культуры.
Дырэктар установы Ядвіга Суботка пазнаёміла Івана Крупко з гісторыяй установы, яе заслугамі і дасягненнямі. Так, ва ўстанове культуры сёння працуе два калектывы са званнем “народны” і адзін “узорны”, якія сваю слаўную гісторыю пішуць не адно дзесяцігоддзе.

У наступным годзе Капаткевічы чакае добраўпарадкаванне

Іван Іванавіч пацікавіўся, наколькі сёння запатрабавана ў жыхароў гарадскога пасёлка ўстанова культуры.
– Усяго ва ўстанове функцыяніруе 16 клубных фарміраванняў, у тым ліку 7 для дзяцей і падлеткаў, – праінфарміравала губернатара дырэктар установы. – Больш за 3 тысячы чалавек на сённяшні дзень пражывае ў гарпасёлку, з іх больш за 900 – пенсіянеры і больш за 500 – дзеці да 18 гадоў. Таму наша задача – арганізацыя якаснага разнапланавага культурнага вольнага часу для рознаўзроставых груп насельніцтва. І людзі ідуць да нас.

У час знаёмства з установай ад заслуг і дасягненняў перайшлі да праблем. Паводле інфармацыі дырэктара, ёсць неабходнасць у рамонце фасада будынка, даху, замене вокнаў. Нядрэнна было б запланаваць рамонт глядзельнай залы, фае і танцавальнага класа. Але галоўная праблема ўстановы культуры – адсутнасць санітарных вузлоў. Іван Крупко ўважліва выслухаў кіраўніка ўстановы, аргументы старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандра Кохана і запэўніў: пры планаванні работ па добраўпарадкаванні населенага пункта асноўныя праблемы ўстановы культуры будуць улічаны і вырашаны.

Наступны аб’ект у рабочым візіце губернатара – гарпасялковая бальніца з урачэбнай амбулаторыяй. Радыус абслугоўвання медустановы – 20 кіламетраў.
Іван Крупко пацікавіўся колькасцю койка-месцаў ва ўчастковай бальніцы. Іх, паводле інфармацыі загадчыка, – 36: 16 ложкаў тэрапеўтычнага профілю і 20 сястрынскага догляду. Наведваючы тэрапеўтычнае аддзяленне, Іван Іванавіч паразмаўляў з пацыентамі, пацікавіўся якасцю медыцынскага абслугоўвання і харчавання.

– Урачы і медсёстры ў нас вельмі ўважлівыя. Лекаў хапае. А кормяць так смачна, як дома, – запэўнілі губернатара мужчыны.
Цікавіла губернатара і пытанне ўкамплектаванасці ўрачэбнымі кадрамі. Медустанова на 100% укамплектавана і па ўрачах, і па сярэднім медыцынскім персанале. На пытанне пра каэфіцыент сумяшчальніцтва кіраўнік вобласці атрымаў наступную інфармацыю: ва ўрачоў у бягучым годзе ён склаў 1,37, у сярэдніх медыцынскіх работнікаў – 1,09. Перагрузкі вялікай няма, але ў той жа час, што немалаважна, ёсць магчымасць павялічыць заробак.

У наступным годзе Капаткевічы чакае добраўпарадкаванне

 

Пры наведванні кабінета ўрача агульнай практыкі зайшла размова пра дыспансерызацыю насельніцтва, прафесійныя і бягучыя медагляды. Як справядліва адзначыў губернатар, нават самы дбайны папяровы ўлік не параўнаецца з электроннай базай дадзеных пацыентаў. Даручэнне кіраўніцтву ЦРБ: камп’ютарызацыя УАЗ раёна і актыўнае ўкараненне электроннай базы дадзеных пацыентаў.
Як далажыў губернатару кіраўнік раёна Аляксандр Кохан, за 2016-2017 гады ва УАЗ праведзены бягучыя рамонты фае, калідора і лесвічнага маршу першага паверха, ардынатарскай, палат і калідора сацыяльнага паста на другім паверсе, абедзенай залы, часткова заменены вокны. Закрануў рамонт і паліклініку.

На пытанне аб праблемных момантах УАЗ на сённяшні дзень, Аляксандр Кохан далажыў наступнае: па-першае, тэрыторыя бальніцы, плошча якой складае 6700 квадратных метраў, у сілу працяглай эксплуатацыі асфальтавае пакрыццё, бардзюрныя камяні прыйшлі ў непрыдатнасць. Не менш значныя – бягучы рамонт у памяшканні ЦСА, лабараторыі і пральні. Што да апошняй, то маючы сястрынскае аддзяленне, без добрай прамысловай пральнай і сушыльнай машынамі УАЗ не абыйсціся. Іван Крупко пагадзіўся з неабходнасцю ўключэння ўсіх агучаных пазіцый у спіс запланаваных работ пры добраўпарадкаванні гэтага аб’екта аховы здароўя.

У наступным годзе Капаткевічы чакае добраўпарадкаванне

Пры наведванні ў гарпасёлку ўстановы дашкольнай адукацыі, губернатар вобласці адзначыў дагледжанасць і добрае афармленне тэрыторыі дзіцячага садка. У Івана Іванавіча адбылася размова з самымі галоўнымі экспертамі ў пытанні якасці прадастаўляемых установай адукацыі паслуг – трохгадовай Кірай і яе мамай.

– Наведваем садок мы ўсяго тыдзень, але ўжо цалкам адаптаваліся. Дзякуй педагогам за ўважлівае стаўленне да нашых дзетак і клопат, – падзялілася маладая маці. Пытанням добраўпарадкавання ва ўстанове надаецца шмат увагі. Зроблена нямала, у тым ліку за кошт пазабюджэтных сродкаў і дабрачыннай дапамогі.

Што датычыцца чаканых рамонтных работ па плане добраўпарадкавання гарпасёлка, то, паводле слоў кіраўніка Святланы Дашкевіч, першачарговая праблема – завяршэнне капітальнага рамонту астатняй часткі даху, замена аконных блокаў, частковая замена асфальтавага пакрыцця.

Іван Крупко пасля агляду ўстановы са спісам абазначаных праблем пагадзіўся.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о