У лясным гадавальніку – студатрадаўскі працоўны семестр

0
62

Добрая традыцыя правядзення працоўнага семестра ў нашай краіне кожны год прыцягвае да ўдзелу ўсё большую колькасць юнакоў і дзяўчат. На Петрыкаўшчыне студэнцкія атрады таксама запатрабаваныя і карыстаюцца папулярнасцю, бо дадатковыя рабочыя рукі для прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна не бываюць лішнімі.

Як пазначыла першы сакратар РК ГА “БРСМ» Дар’я Туравец, на працягу летняга перыяду на тэрыторыі нашага раёна плануецца працаўладкаваць каля 145 непаўналетніх, якія будуць сфарміраваны ў 5 студатрадаў. Старт працоўнаму семестру ўжо дадзены. З 1 ліпеня рабяты пачалі працаваць у трох студатрадах, якія функцыянуюць на базе ДЛГУ «Петрыкаўскі лясгас», ДП «Петрыкаўскі райжылкамгас».

Днямі мы завіталі ў лесагадавальнік Петрыкаўскага лясгасу, дзе шчыруюць рабяты са студатрада «Вавёркі» імя народнага героя Беларусі Дзеда Талаша ўдзельніка партызанскага руху ў савецка-польскай і Вялікай Айчыннай войнах.

Начальнік лесагадавальніка Юлія Макарэцкая распавяла нам, што дадзены студатрад пачаў сваю працу з 1 ліпеня і працягне яе да 30 ліпеня ў дзве змены. У ім працуе 23 навучэнцы і студэнты ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Праца выключна ручная, тэхніку пры ўсім жаданні не выкарыстаеш. Калі цяпер не прыбраць пустазелле, то яно папросту “задушыць” саджанцы хвоі і елкі. Рабяты карпатліва праполваюць малады параснік хвоі і елкі, выдаляюць пустазелле. Словам, робяць усё, каб палегчыць жыццё пухнатым лясным прыгажуням.

Як падзяліліся з намі ўдзельнікі студатрада, многія з іх не першы год працуюць у лясгасе. Кожную раніцу юнакі і дзяўчаты прыходзяць на працу з задавальненнем. І, вядома ж, іх цікавасць абумоўлена яшчэ і тым, што ў іх маецца магчымасць зарабіць свае першыя грошы, каб на час адчуць сябе незалежнымі і самастойнымі.

– Час, праведзены за працай у студэнцкім атрадзе, пойдзе толькі на карысць маладым людзям, – упэўнена Юлія Уладзіміраўна. – Гэта выдатная магчымасць знайсці новых сяброў, бліжэй прыгледзецца да прафесій у лясной гаспадарцы, а таксама ўласнай працай зарабіць асабістыя грошы.
Жадаем рабятам працоўных поспехаў. Упэўнены, гэтыя летнія канікулы для іх павінны запомніцца надоўга. Бо справа высакародная, патрэбная і карысная. Лес – гэта наша багацце, гэта сэрца Беларусі.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о