У кожнай вёсцы – свае героі

0
450

Знаёмству з Марыяй Байковай з вёскі Фаставічы паспрыяў ліст у рэдакцыю ад старшыні Савета ветэранаў камаровіцкага сельскага Савета Мікалая Куксы. Напярэдадні грамадская арганізацыя на чале са старшынёй сельсавета Генадзем Хобнам і з удзелам творчага сямейнага дуэту “Жывіца” віншавалі Марыю Фурсанаўну з 80-гадовым юбілеем. Землякі жадалі ветэрану працы здароўя, бадзёрасці, даўгалецця, дзякавалі за яе дзейнасць дзеля малой радзімы і радавалі яе любімымі песнямі. Юбілярка ўсё жыццё прысвяціла бібліятэчнай справе ў роднай вёсцы і дваццаць пяць гадоў была старастай населенага пункта. Вось і падумалася: чаму б не пазнаёміцца з жанчынай бліжэй?

Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся – дадзеную ісціну ў поўнай меры можна прымяніць да нашай гераіні.
– Нарадзілася ў Фаставічах, тут скончыла шэсць класаў, затым перайшла ў Камаровіцкую школу. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі прыняла прапанову сакратара мясцовай партыйнай арганізацыі ўзначаліць мясцовую бібліятэку, – успамінае гераіня. – Гэта быў 1962 год. Работа прыйшлася мне па душы. Праз два гады паступіла і завочна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.
Жанчына ўспамінае тыя гады з настальгіяй. Быў час, што ў вёсцы пражывала каля сямісот жыхароў і чытачоў у бібліятэцы было каля пяцісот. Засталіся ў памяці і мерапрыемствы, якія клубныя работнікі ладзілі сумесна з педагогамі мясцовай школы для насельніцтва: канцэрты на ўсе святы, нават п’есы ставілі, ездзілі выступаць у суседнія раёны. Зямлячка адпрацавала бібліятэкарам больш за трыццаць гадоў, а калі выйшла на адпачынак, згадзілася ўзяць на сябе адказнаю справу – стаць старастай вёскі.
– Сказаць па праўдзе, я заўсёды была актывісткай у грамадскіх справах, – прызнаецца гераіня. – На мясцовым узроўні з’яўлялася членам розных камісій і часта вырашала праблемныя пытанні землякоў. Старалася па магчымасці дапамагчы. Таму ў дадзенай справе ўжо мела пэўны вопыт. Ведала, што стараста ў вёсцы – як гаспадар у доме. Важна клапаціцца пра тое, каб было чыста, утульна, своечасова папраўляць непаладкі.Ужо два гады як жанчына перадала свае абавязкі. Прызнаецца, што здароўе не дазволіла – баляць ногі. А чалавеку на такой пасадзе патрэбна быць заўсёды на нагах: сустрэчы з насельніцтвам, падворныя абходы, давядзенне да грамадзян рашэнняў сельсавета. А зносіны для людзей вельмі важныя, і патрэбна выконваць свае абавязкі.
Сёння Марыя Фурсанаўна знаходзіць сабе занятак на агаро-дзе, у кветніках, клопатах па гас-падарцы. У яе хаце – абсалютны парадак, на падворку бачыцца гародніна, вырашчаная сваімі рукамі, клумбы зіхацяць рознымі фарбамі. На свой узрост яна выглядае цудоўна і вельмі прыемная ў зносінах. Аб адным шкадуе, што мала хто “парог хаты пераступае”.
– Людзей ужо ў вёсцы мала, рэдка адзін да аднаго ходзяць. Муж мой ужо пакінуў гэты свет, а дзяцей нам Бог не даў, – дзеліцца суразмоўца. З радні ў мяне засталася толькі пляменніца Галіна са Слуцка, якая прыязджае да мяне ў госці, каб дапамагчы па гаспадарцы – у час нашага візіту сваячніца якраз гасціла на Петрыкаўшчыне. Яшчэ ў мяне ёсць чалавек, з якім я сябрую доўгія гады і з якой часта на сувязі. Прыехала яна ў нашу вёску маладой настаўніцай і спынілася ў нас на кватэры. Мы пасябравалі, тут у Фаставічах і выдалі яе замуж. Негледзячы на яе пераезд у райцэнтр, сувязь не згубілі. Гэтага чулага і шчырага чалавека завуць Святлана Чычыкайла.
Напрыканцы размовы запыталася ў новай знаёмай: у чым яна бачыць сэнс жыцця?
– У тых каштоўнасцях, на якіх яно грунтуецца: праца, міласэрнасць, любоў, разуменне, павага, – не задумваючыся адказала жанчына. – І жадаю ўсім нам не згубіць гэтыя спрадвечныя чалавечыя якасці.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о