Суровыя зімовыя дні, здавалася, не скончацца ніколі, але з прыходам лютага на душы адразу становіцца святлей, нібы нехта ўключыў унутраны ліхтарык.
Паветра ў лютым ужо пахне па-іншаму і сонейка прыпякае больш ласкава. Становіцца зразумела: вясна ўжо не за гарамі.
З кожным днём свет вакол пераўтвараецца. Гурбы снегу асядаюць, становяцца пухлымі, нібы стаміліся ад сваёй зімовай важнасці. З дахаў час ад часу зрываюцца звонкія капелі, і гэты гук – самая сапраўдная музыка вясны, прадвеснік ручаёў і расталай вады. Вуліцы населеных пунктаў паволі мяняюцца: шэры асфальт блішчыць ад вільгаці, а на ўзбочынах, у дварах і агародах з’яўляюцца першыя праталіны, нібы маленькія акенцы ў свет зеляніны.
Раніцай ужо не так цёмна, а ўвечары святло затрымліваецца даўжэй. І нават птушкі, здаецца, адчулі перамены. Іх шчабятанне стала звонкім, а часам ужо чуюцца такія вясновыя, радасныя спевы!
Мы ведаем, што наперадзе магчымы яшчэ і маразы, і снегапады – зіма яшчэ пакажа свой характар. Але першыя, нясмелыя ноткі вясны ўжо пранікаюць у душу, прымушаючы сэрца біцца крыху хутчэй, а погляд – шукаць у шэрым небе прасветы блакітнага. І няхай дрэвы яшчэ стаяць голыя, а зямля пакрыта снегам, у кожным прамяні сонца, што прабіваецца скрозь хмары, ужо адчуваецца нябачная, але магутная сіла абуджэння.
Але, мабыць, менавіта Масленічны тыдзень надае апошняму зімоваму месяцу непаўторны каларыт. Гэты перыяд, нібыта яркая ўспышка на фоне яшчэ халодных дзён, ажыўляе каляндар і дорыць адчуванне свята. Народныя гулянні з іх песнямі, танцамі і забавамі адганяюць зімовую санлівасць і абуджаюць радасць жыцця. Вянчае ўсю гэту перадвясеннюю феерыю Даравальная нядзеля – час, калі мы даруем адзін аднаму перад пачаткам новага, важнага этапу – Вялікага посту.
Нам завешчана дараваць. У гэтым уменні крыецца ключ да духоўнага жыцця. Жывучы з крыўдай чалавек жыўцом хавае сябе ў склепе ўласных прэтэнзій да навакольных, і вызваліць яго з такога страшнага зняволення не зможа нават Гасподзь.
Разбіць гэты склеп можна толькі знутры, шчыра дараваўшы сваім крыўдзіцелям. І няхай крыўдзіцелі зусім не маюць патрэбы ў нашым прабачэнні, затое ў ім востра маем патрэбу мы самі.
Люты – гэта дзівосны час, калі зіма яшчэ не спяшаецца адпускаць свае абдымкі, але ўжо адчуваецца дыханне надыходзячай вясны. Ён становіцца тым самым мостам, які плаўна пераводзіць нас са свету зімовага спакою і цішыні ў прадчуванне вясновага абуджэння. І гэты пераход вядзе нас праз Вялікі пост да самага сэрца хрысціянскага свету – да Вялікадня – свята жыцця, перамогі і вечнага ўваскрасення.
Увойдзем жа ў новы жыццёвы этап без крыўды і дараваўшы крыўдзіцелям сваім і атрымаўшы дараванне ад пакрыўджаных.
Святлана ТАРАСЕВІЧ.








Оставить комментарий