Цюльпаны на продаж ад мясцовага лясгасу

0
94

З канца мінулага года Петрыкаўскім лясгасам на базе гадавальніка рэалізуецца пілотны праект па вырошчванні цюльпанаў. Чым абумоўлена падобная вытворчая навацыя і ў чым яе перспектыва – распавяло кіраўніцтва ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас”.

Цюльпаны на продаж  ад мясцовага лясгасу

Дырэктар ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Іван Торчык у час размовы пазначыў нашаму карэспандэнту, што петрыкаўскія лесаводы вырашылі заняцца вырошчваннем цюльпанаў, натхніўшыся вопытам і вынікам смелага эксперыменту калег з гадавальніка Гомельскага доследнага лясгаса, ды і кіраўнік лясной галіны краіны ў час візіту на Гомельшчыну раіў падхапіць перспектыўны вопыт.

– Для лясгасу гэта дадатковы прыбытак, які можна атрымаць у пазасезонны час і тым самым павысіць эканамічную эфектыўнасць работы гадавальніка, – падзяліўся Іван Торчык.

З працэсам і тэхналогіяй вырошчвання цюльпанаў мы пазнаёміліся непасрэдна ў гадавальніку.

Начальнік гадавальніка Юлія Макарэцкая распавяла пра падрыхтоўку і ход рэалізацыі пілотнага праекта:

– Сітуацыя на рынку свежай кветкавай прадукцыі за апошнія гады моцна змянілася: калі раней гэта быў у асноўным імпарт, то сёння з’яўляецца ўсё больш прапаноў ад мясцовых вытворцаў. Менавіта пагэтаму не застаўся ў баку ад перспектыўнага і запатрабаванага ў спажыўцоў накірунку і наш лясгас. Пачалі мы з тэхнічнага боку і пераабсталявалі існуючую цяпліцу, дакамплектаваўшы яе сістэмай ацяплення, вентыляцыі і дадатковага асвятлення. Для таго, каб зрабіць праект больш танным, набылі кацёл, які працуе на пілетах. Адначасова з гэтым закупілі 20 тысяч цыбулін галандскіх цюльпанаў. Па завяршэнні падрыхтоўчага этапу пачалася наша штодзённая карпатлівая праца.

Цюльпаны на продаж  ад мясцовага лясгасуЯк справядліва зазначыла Юлія Уладзіміраўна, каб у звычайнай цяпліцы вырас цюльпан, трэба як след папрацаваць. Між іншым, ніякіх дадатковых працоўных рэсурсаў для рэалізацыі праекта ў лясгасе не прыцягвалі – абышліся сіламі калектыва гадавальніка. Няпроста было ў аптымальна сціснуты тэрмін падрыхтаваць грунт і высадзіць 20 тысяч цыбулін, аднак захопленыя новай справай і мяркуемым будучым вынікам работнікі гадавальніка з гэтай задачай справіліся. Аднак супакойвацца было рана – пачаўся новы этап: падтрыманне неабходнага ўзроўню мікраклімату, унясенне ўгнаенняў, паліў, барацьба са шкоднікамі – у справе вырошчвання цюльпанаў важная кожная дэталь. У выніку зладжанай работы 20 тысяч раслін не толькі паспяхова прыняліся, але і пачалі актыўна прыбаўляць у памерах.

Цюльпаны на продаж  ад мясцовага лясгасуАцаніць канчатковы вынік кветкавай ініцыятывы нашага лясгасу можна будзе ўжо праз два тыдні. Менавіта з сярэдзіны лютага і да галоўнага веснавога свята ўсіх жанчын плануецца продаж вырашчаных у мясцовым гадавальніку цюльпанаў.

Цюльпаны на продаж  ад мясцовага лясгасу

Кветкі можна будзе набыць і на кветкавым кірмашы, што традыцыйна будзе арганізаваны ў райцэнтры, і ў лясгасе, і на тэрыторыі гадавальніка. Між іншым, калі вы аддасце перавагу апошняму варыянту, то зможаце набыць цюльпаны ў грунце і тым самым падоўжыць час квецені, а таксама ў будучым мець пасадачны матэрыял.
Мяркуем, кветкі з мясцовага гадавальніка будуць карыстацца попытам у землякоў, таму не лішнім будзе і замовіць якую сотню букетаў кіраўнікам “жаночых калектываў”.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о