14 сакавіка ў актавай зале Інстытута Следчага камітэта падведзены вынікі прававой алімпіяды на прызы Старшыні Следчага камітэта.

Трыумф юных юрыстаў

Сімвалічна, што напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў прававой алімпіяды. Гэта знакавая падзея падкрэслівае непарыўную сувязь паміж глыбокімі ведамі законаў, асноў дзяржавы і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй маладога пакалення. Спаборніцтва было накіравана на папулярызацыю прафесіі следчага сярод школьнікаў, а таксама на развіццё іх прававой граматнасці, лагічнага мыслення і аналітычных здольнасцей. У алімпіядзе прынялі ўдзел старшакласнікі, якія праявілі цікавасць да сферы правасуддзя і законнасці. Інтэлектуальнае спаборніцтва стала пляцоўкай для выяўлення таленавітых і перспектыўных будучых юрыстаў, даўшы ім магчымасць прадэманстраваць свае веды і навыкі. Удзел у такіх мерапрыемствах садзейнічае фарміраванню прававой культуры і павышэнню юрыдычнай граматнасці сярод моладзі, што з’яўляецца важным фактарам для пабудовы прававой дзяржавы.

Трыумф юных юрыстаў
Старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара, вітаючы прысутных, выказаў шчырыя віншаванні ўдзельнікам алімпіяды, адзначыўшы іх поспехі.
– Перамога ў алімпіядзе – гэта не толькі прызнанне асабістых дасягненняў, але і стымул для далейшага паглыбленага вывучэння права і прымянення атрыманых ведаў на практыцы. Упэўнены, што веды і вопыт, атрыманыя ў ходзе спаборніцтваў, дапамогуць вам у далейшай прафесійнай дзейнасці і ўнясуць уклад у развіццё прававой сістэмы нашай краіны, – адзначыў Дзмітрый Юр’евіч.
Па выніках алімпіады дыпломам III ступені ў намінацыі “Прафесія – следчы” адзначана эсэ Арцёма Міхалкі, навучэнца 11 класа Сярэдняй школы № 2 горада Петрыкава, кіраўнік – Алеся Аляксандраўна Некрашэвіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры.
Карэспандэнт “Петрыкаўскіх навін” сустрэўся з таленавітым земляком. Сваё жыццё вырашыў звязаць з працай у праваахоўных органах, таму сёлета збіраюся паступаць у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. Удзел у прававой алімпіядзе для мяне – гэта выдатная магчымасць зразумець, ці падыходзіць мне абраны накірунак. Пры падрыхтоўцы да напісання эсэ разам з педагогам вывучалі асаблівасці працы следчага, яго абавязкі, патрабаванні да прафесійных і асобасных якасцяў. У гэтым шмат дапамог следчы Петрыкаўскага РАСК Яўген Стэльмах, які распавёў аб прафесіі следчага “знутры”, – дзеліцца юнак. Удзел у прававой алімпіядзе садзейнічаў пашырэнню маіх ведаў аб прававой сістэме, аб ролі следчага ў крымінальным працэсе. Паспяховы ўдзел у алімпіядзе павысіў упэўненасць у сваіх сілах, матываваў да далейшага развіцця. Гэта не проста спаборніцтва, гэта цудоўная магчымасць праверыць свае веды, сустрэцца з прафесіяналамі і зрабіць крок да сваёй мары.
– Калі мы даведаліся аб алімпіядзе, я адразу прапанавала Арцёму паўдзельнічаць. Ён заўсёды быў захоплены правам, і я ведала, што ў яго ёсць усе шанцы, – падзялілася Алеся Аляксандраўна.– Як настаўнік, я заўсёды імкнуся да прафесійнага развіцця, такім стаў удзел у прававой алімпіядзе. Гэты вопыт здаўся не толькі цікавым, але і карысным таксама і для маёй педагагічнай дзейнасці.
Няхай гэтая перамога стане толькі пачаткам вялікага шляху Арцёма і яго настаўніка. Віншуем з узнагародай!

Трыумф юных юрыстаў

Марыя Тамко,
фота з архіва героя.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о