9 снежня, у Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду, пасля рэканструкцыі быў адкрыты мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняла ўдзел дэлегацыя Петрыкаўскага раёна.
Маштабная рэканструкцыя манумента, пабудаванага ў 1965 годзе, пачалася сёлета ў сакавіку. Ён без перабольшання стаў народным праектам: на мадэрнізацыю Азарыцкага комплексу жыхары ўсёй краіны збіралі сродкі падчас рэгіянальнага і рэспубліканскага суботнікаў.
Напачатку ўрачыста-жалобнай цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага комплексу вядучы мерапрыемства ўзнавіў у памяці прысутных старонкі гісторыі. Так, Азарыцкі лагер смерці быў створаны ў сакавіку 1944 года і праіснаваў усяго 10 дзён. Часці вермахта, якія дыслацыраваліся за два кіламетры ад Азарычаў, апынуліся ў няпростай сітуацыі – умацаваны раён напаўняўся адталымі водамі.
Камандаванне разумела, што стрымаць наступ Чырвонай арміі будзе цяжка. Таму салдат адвялі на захад, а ў балоты загналі мясцовае насельніцтва – старых, жанчын і дзяцей, каб стварыць жывы шчыт. Тут упершыню прымянілі бактэрыялагічную зброю – сыпны тыф.
Па разліках фашыстаў, такія жудасныя меры павінны былі забяспечыць адвод нямецкай арміі і заразіць савецкіх салдат 65-й арміі генерала Паўла Батава. Большая частка зняволеных была дзецьмі. Па ацэнках гісторыкаў, да 19 сакавіка з лагера вызвалілі больш за 33 тысячы чалавек. Сярэдняя працягласць жыцця тут была каля трох сутак. Загінулі ў лагеры не менш як 20 тысяч чалавек.
– Гэта толькі адна старонка крывавай гісторыі ваенных гадоў. Свет не забыўся і не прабачыў акт масавага злачынства супраць чалавецтва. Памяць – адзіная мера часу, а мінулае, якое захоўваецца ў памяці, ёсць частка сучаснасці. Забыцца на дзеянні фашыстаў – гэта злачынства супраць нашых продкаў, сумлення, будучыні. Настаў час абараніць гонар сцяга Пераможцаў, – пазначыў губернатар вобласці Іван Крупко, звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу.
Эмацыянальнай была прамова і намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Луцкага пра трагедыю Азарычаў і шрамы на сэрцы краіны:
– Гэта і Ала, і Чырвоны Бераг, і Трасцянец, і Хатынь… Тыя, хто сёння замахваецца на незалежнасць краіны, схільныя лічыць тыя трагедыі толькі выдаткамі вайны, а не генацыдам. Уявіце толькі – якая крывадушнасць! І нават сёння яны не пакаяліся. І санкцыі, якія прымяняюць да нас, – працяг той палітыкі, якая была 80 гадоў таму. Наша задача – умацоўваць адзінства нашага народа, быць беларусамі, захаваць упэўненую і незалежную краіну. І сёння ў гэтым журботным месцы хочацца сказаць: светлая памяць загінуўшым і вечная слава тым, хто абараніў мір, хто захоўвае гэты мір сёння на нашай беларускай зямлі!
Былыя малалетнія вязні лагера смерці са слязамі на вачах згадвалі час, праведзены ў лагеры, дзякавала кіраўніцтву краіны і вобласці, а таксама ўсім неабыякавым, хто ўдзельнічаў у стварэнні абноўленага мемарыяла.
– Памятайце пра падзеі вайны, пра яе герояў і ахвяр. Няхай вашыя дзеці ніколі не зведаюць тых жахаў, якія выпалі на нашу долю, – іх наказ нам.
Памяць аб ахвярах генацыду ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да месца смутку і памяці.
У дзень адкрыцця манумента гасцей прымаў і новы інфармацыйны павільён з сюжэтнай кампазіцыяй у выглядзе панарамы з васковымі фігурамі і роспісам, а таксама інтэрактыўнымі стэндамі.
На месцы былога лагера смерці – вежа памяці, сцяна смутку, камяні прасвятлення, барэльеф воінам-медыкам, якія папярэдзілі распаўсюджванне эпідэміі тыфу. Уздоўж краю забалочанай тэрыторыі – паклонныя крыжы і назіральная пляцоўка.
Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці – месца, дзе жыве наша памяць пра страшную трагедыю, якую не сцерці ні часу, ні марным спробам “знаўцаў” гісторыі перапісаць трагічныя і гераічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий