У пераднавагоднія дні краіна жыве адной агульнай высакароднай справай: дайсці да кожнага дзіцяці, якое мае патрэбу ў чулым стаўленні дарослых, ва ўвазе і падтрымцы.
Да выхаванцаў дома сямейнага тыпу Зізюк напрыканцы мінулага тыдня завіталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько, намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Віталій Макарэвіч і начальнік аддзела адукацыі Людміла Жукавец.
Педагогі-выхавацелі Жанна і Віктар Зізюкі ўзялі на сябе клопат пра 9-ых хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 4-ох да 15-ці гадоў. Па словах сямейнай пары, выхаванне дзетак, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, для іх ніколі не было проста работай. Гэта адчуваюць і рабяты, таму з задавальненнем адгукаюцца на ўсё прапановы дарослых. Вось і гасцей сустракалі сапраўдным навагоднім прадстаўленнем з танцамі, песнямі і вершамі. Прадстаўнікі дэпутацкага корпусу засталіся ў захапленні ад таленавітых артыстаў. Падзякай ад дарослых сталі традыцыйныя навагоднія пачастункі: цукеркі і мандарыны.
– Акцыя “Нашы дзеці” штогод праходзіць напярэдадні навагодніх і калядных свят. Для кожнага дзіцяці Новы год – гэта заўсёды казка, якая звязана з Дзедам Марозам і Снягуркай. І ўсе яны, вядома ж, марыць атрымаць запаветны падарунак напярэдадні гэтых цудоўных дзён. Выконваючы функцыі добрых чараўнікоў, нам, дарослым, неабходна несці радасць, цяпло, утульнасць тым сем’ям, якім асабліва патрэбна падтрымка і ўвага, – адзначыла парламентарый у размове нашаму карэспандэнту.
Словы віншаванняў і пажаданні на добрую вучобу, сумеснае фота на памяць і незабыўныя эмоцыі – менавіта такім застанецца ў памяці дзетак гэты чароўны дзень.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий