Насычана прайшоў юбі-лейны канцэрт дзіцячага харэаграфічнага ансамбля “Задорынкі” Мышанскага філіяла Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтва.
Падзяліць з юнакамі радасць творчасці і павіншаваць ансамбль з дзесяцігадовым юбілеем у Мышанскі цэнтр вольнага часу прыйшлі шматлікія прыхільнікі харэаграфічнага мастацтва, бацькі і блізкія людзі юных артыстаў. Канцэрт праходзіў пры поўным аншлагу, а ўдзельнікі ансамбля дэманстравалі гледачам сапраўдную вясёлку талентаў у энергічных танцавальных рытмах.
За 10 гадоў існавання таленавіты калектыў пад кіраўніцтвам Ірыны Супруненка дасягнуў немалых вышынь. Пацвярджэннем таму з’яўляюцца поспехі на шматлікіх абласных, рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях.
Ад імя адміністрацыі Петрыкаўскай школы мастацтва выступіў загадчык Мышанскага філіяла Дар’я Стрыгун, якая пажадала ансамблю і кіраўніку працвітання, творчага даўгалецця, заваявання новых вышынь і годных перамог. Уручыла кветкі і салодкія падарункі кожнаму ўдзельніку ансамбля. Словы падзякі прагучалі і ад бацькоў.
Павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак прыйшлі і былыя выпускнікі ансамбля, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з мастацтвам танца – гэта былыя ўдзельніцы і салісткі ансамбля Яна Супруненка і Ксенія Гвоздзь.
У гэты дзень на сцэне свае таленты і здольнасці прадэманстравалі 30 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 6 да 14 гадоў. Гэта рабяты з Мышанкі і аграгарадку Пціч.
Захаплялася публіка самымі маленькімі ўдзельнікамі, такімі мілымі і чароўнымі дзеткамі, якія ў цудоўных касцюмах раскрывалі задуманыя іх кіраўніком сцэнічныя вобразы.
Вельмі прыемна было назіраць за выступамі старэйшых удзельнікаў “Задорынак”, якія з веданнем справы, умела і задорна працавалі на сцэне, уражваючы ўсіх разнастайнасцю танцавальных элементаў, пластыкай, артыстызмам і культурай выканання.
Завяршылася свята пад бурныя апладысменты гледачоў – на сцэну выйшлі ўсе ўдзельнікі святочнага канцэрта са сваім любімым настаўнікам і кіраўніком харэаграфічнага ансамбля “Задарынкі” Ірынай Супруненка.
Канцэрт атрымаўся надзвычайным! Добры настрой атрымалі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства!
Марыя СІГАЙ.
Оставить комментарий