У кожным чалавеку змяшчаецца цэлы рад магчымасцей і здольнасцей, якія трэба толькі абудзіць і развіць, каб яны змаглі прынесці годныя вынікі.

Дзмітрый Стракач, вучань 11 “Б“ класа ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Петрыкава” дакладна ведае, як правільна прымяніць свае здольнасці і таленты на практыцы і ў яго гэта, дарэчы, цудоўна атрымліваецца.
Днямі ў капілку сваіх перамог вучань дадаў прызавое месца, якое атрымаў па выніках абласнога этапа рэспубліканскага прававога турніру “Сіла Закону”, які праходзіў сярод вучняў 9-11 класаў.
Пра эмоцыі ад удзелу, падрыхтоўку да конкурсу і іншыя творчыя дасягненні Дзмітрый Стракач падзяліўся і з карэспандэнтам “Петрыкаўскіх навін”:
– Пачну з таго, што пасля 11 класа я збіраюся паступаць на юрыдычную спецыяльнасць, пагэтаму і вырашыў паўдзельнічаць у конкурсе “Сіла Закону”. Падумаў, што было б нядрэнна ўжо зараз пачынаць паглыбляцца ў будучую прафесію, вывучаючы асновы Канстытуцыі, – паведаміў пра свае планы на будучае суразмоўца.
Падрыхтоўка, са слоў Жанны Парфіевіч, настаўніцы, якая рыхтавала вучня да конкурсу, праходзіла актыўна і рупліва. Было прапрацавана шмат матэрыялаў. Педагог адзначыла, што да кожнага конкурсу, мерапрыемства Дзмітрый адносіцца з вялікай адказнасцю, яго мэта – станоўчы і высокі вынік.
– Жанна Міхайлаўна ўказала, на якія раздзелы і артыкулы ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь трэба звярнуць большую ўвагу, – працягнуў Дзмітрый. – Такім чынам, на працягу 2-х тыдняў я вывучаў артыкулы Канстытуцыі і законы, якія тычацца Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Парламента і іншых органаў кіравання. Пытанні на конкурсе не выклікалі асаблівых складанасцей.
Як адзначыў наш герой, удзел у конкурсе прынес яму многа станоўчых эмоцый і зацікавіў ў далейшым вывучэнні заканадаўства.
– Увогуле, у многіх мерапрыемствах і конкурсах стараюся прымаць актыўны ўдзел. За сваё школьнае жыццё я ўдзельнічаў у алімпіядах па беларускай і англійскай мовах, геаграфіі і грамадазнаўству. Асабліва запомніўся мне ўдзел у конкурсе рытарычнага майстэрства і ў конкурсе “Я ведаю”, – падзяліўся малады чалавек.
Як вядома, вялікую ролю ў станаўленні любога вучня адыгрываюць і настаўнікі, якія з малодшых класаў стараюцца знайсці лепшыя якасці ў дзіцяці і накіраваць іх у правільнае рэчышча.
– Хачу выказаць словы ўдзячнасці Таццяне Уладзіміраўне Мазай, Вользе Анатольеўне Прыкоце і Жанне Міхайлаўне Парфіевіч. Менавіта дзякуючы гэтым настаўнікам я пачаў актыўна ўдзельнічаць у розных конкурсах і з іх падтрымкай дабівацца поспехаў, – з пяшчотай і асаблівай цеплынёю завяршыў аповед Дзмітрый.
Праўду гавораць – “Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім”. Наш герой не выключэнне з гэтага правіла, а толькі яго пацверджанне.

Анастасія КІСЕЛЕВА.
Фота з інтэрнэта.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о