Дадатковы стымул да пачатку кар’еры ў калійнай галіне атрымалі старшакласнікі Петрыкаўшчыны.
Запуск Петрыкаўскага горна-абагачальнага камбіната адкрыў нямала перспектыў для рэгіёну: працоўныя месцы, будаўніцтва жылля і сацыяльна-значных аб’ектаў. Петрыкаўскае радовішча калійных солей з’яўляецца найбольш значнай сыравіннай базай для падтрымання і павелічэння вытворчай магутнасці ААТ “Беларуськалій”. Гэта самае маладое рудаўпраўленне кампаніі, якое хутка развіваецца.
Каб прыцягнуць у галіну перспектыўных сённяшніх школьнікаў, на мінулым тыдні на базе гарадской гімназіі прайшла сустрэча навучэнцаў 9-11 класаў з прадстаўнікамі Беларуськалія, Салігорскага горга-хімічнага каледжа, факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ. У час мерапрыемства навучэнцы даведаліся аб умовах навучання ва ўстановах сярэдне-спецыяльнай і вышэйшай устаноў адукацыі, перспектывах працаўладкавання на Петрыкаўскім рудніку і іншых рудніках таварыства, сацыяльных гарантыях для працуючых. Але галоўнай навіной стала тое, што магчымасцей працаваць у калійнай галіне ў нашых юнакоў і дзяўчат з’явіцца больш. З гэтага году навучацца ў каледжы і ВНУ яны змогуць па мэтавым накіраванні ад “Беларуськалія”. Такое рашэнне прынята кіраўніцтвам прадпрыемства.
– Калійная галіна задае рытм эканоміцы краіны. Працаваць на прадпрыемстве не толькі адказна, але і ганарова. “Беларуськалій” заўсёды стаіць на варце інтарэсаў сваіх работнікаў, прапаноўваючы добрыя ўмовы працы, годны сацыяльны пакет, – адзначыў дырэктар Петрыкаўскага рудаўпраўлення Юрый Пятроўскі. – Пры жаданні далейшага працаўладкавання на камбінат, выпускнікі 9, 11 класаў могуць звярнуцца ў аддзел кадраў Петрыкаўскага рудаўпраўлення або, непасрэдна “Беларуськалія” для атрымання мэтавага накіравання на навучанне. Спецыялісты адкажуць на пытанні, ацэняць верагоднасць супрацоўніцтва.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий