СЁННЯ ДЗЕНЬ БАНКАЎСКІХ І ФІНАНСАВЫХ РАБОТНІКАЎ

0
865

Накіроўваючыся на рэпартаж у цэнтр банкаўскіх паслуг № 320 горада Петрыкава ААТ ААБ “Беларусбанк”, я разважаў, што вядома сярэднестатыстычнаму земляку пра банкаўскую сістэму. Звонку, банкі дапамагаюць нам надзейна захоўваць і прымнажаць нашыя даходы, адносна нядаўна наша жыццё стала яшчэ зручней са з’яўленнем картак, якія дазваляюць не толькі хутка разлічвацца за набыткі ці паслугі, але і адпраўляць сродкі за сотні кіламетраў з дапамогай літаральна некалькіх націсканняў віртуальных кнопак на экране гаджэту.

Але кожны, пэўна, разумее, што за простым апісаннем узаемадзеяння з банкам, за камфортам карыстання паслугамі стаіць цэлая сістэма зладжанай да дробязяў працы. З просьбай расказаць пра работу крэдытна-фінансавай арганізацыі, пазнаёміць з прапановамі “Беларусбанка” і расказаць пра шлях у прафесію мы звярнуліся да спецыялістаў сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу Вікторыі Мазай і Кацярыны Рудзько.

СЁННЯ ДЗЕНЬ БАНКАЎСКІХ І ФІНАНСАВЫХ РАБОТНІКАЎ
Кацярына Рудзько і Вікторыя Мазай

Вікторыя Уладзіміраўна пачынае гутарку сціпла: “Я ўраджэнка аграгарадка Чалюшчавічы. У школе я пасябравала з дакладнымі навукамі і ў дзявятым класе вызначыла, што жадаю звязаць сваё жыццё з банкаўскай справай. Потым атрымлівала вышэйшую адукацыю ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі, што ў горадзе Гомелі. Памятаю, як у час навучання я пісала артыкул ва ўніверсітэцкі часопіс пра “М-банкінг”, тады гэтая галіна толькі пачынала развівацца, а зараз тое, што здавалася будучыняй, ахапіла пераважную большасць нашых кліентаў: сэрвіс літаральна вырас і ўзбуйнеў на нашых вачах”, – дзеліцца ўражаннямі Вікторыя.

У 2012 годзе ў цэнтры банкаўскіх паслуг № 320 горада Петрыкава ААТ ААБ “Беларусбанк” з’явілася вакансія, на якую і адгукнулася дзяўчына. Зараз спецыяліст працуе з юрыдычнымі асобамі. Кажа, што часам прадстаўнікі малога бізнесу самі дакладна не ведаюць, што ім патрэбна, таму даводзіцца грунтоўна падыходзіць да кліентаў, падбіраючы для іх найбольш аптымальныя ўмовы абслугоўвання, індывідуальныя тарыфы. Вядома, усіх цікавіць арганізацыя разлікова-касавага абслугоўвання, крэдытавання. Крамы, што прадстаўляюць свае тавары ў растэрміноўку, заключаюць з намі партнёрскія дамовы, каб належным чынам арганізаваць працэс выплат і засцерагчы сябе на выпадак нявыплаты сваіх кліентаў.
За мінулы год сектар рознічнага і карпаратыўнага бізнесу заключыў партнёрскія дамовы з 87-мю кліентамі. Агульная доля абслу-гоўвання налічвае 272 кліенты.
Галоўны спецыяліст сектара Кацярына Анатольеўна – выпускніца першай гарадской школы. Пасля было навучанне ў Гродзенскім політэхнічным кале-джы па спецыяльнасці “Банкаўская справа” і атрыманне вышэйшай адукацыі ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. “Шчыра кажучы, вяртанне на малую радзіму абумовіла каханне: сустрэла земляка і вырашылі жыць у Петрыкаве. Два гады я працавала ў райспажыўтаварыстве. Неяк, у час апошняга года завочнага навучання, зайшла ў банк, каб даведацца пра практыку, а ў выніку атрымала работу”, – усміхаецца Кацярына.

СЁННЯ ДЗЕНЬ БАНКАЎСКІХ І ФІНАНСАВЫХ РАБОТНІКАЎ“Многія лічаць, што мы працуем толькі з прадстаўнікамі бізнесу ў галіне гандлю, але, насамрэч спіс нашых кліентаў даволі разнастайны: гэта і асобы, што аказваюць інтэрнэт-паслугі, паслугі па арганізацыі адпачынку і баўлення часу, адукацыі ў галіне культуры”, – удакладніла галоўны спецыяліст.
Акрамя гэтага “Беларусбанк” можа прапанаваць шэраг паслуг і фізічным асобам: з пачатку года для новых партнёраў распачалася акцыя, па якой кліенты будуць абслугоўвацца за 1 капейку на працягу 6-ці месяцаў. Акрамя гэтага, зноў з’явілася магчымасць атрымаць крэдыты з фіксаванай стаўкай у 4 % цягам трох гадоў на набыццё тавараў айчыннай вытворчасці. Што тычыцца малога і сярэдняга бізнесу, то прадпрымальнікі могуць атрымаць крэдытаванне са стаўкай у 6 %.
Напрыканцы нашай размовы жанчыны пажадалі калегам здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў у працы і, канешне, мірнага неба над галавою ды стабільнасці – тады і банкаўская галіна будзе развівацца, а кліенты застануцца задаволенымі і ўдзячнымі.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о