“Сям’я – маё галоўнае натхненне”

0
473

“Сям’я – маё    галоўнае натхненне”

Кожны чалавек так ці інакш мае свой асабісты сэнс жыцця. Для некага шчасце – пабудаваць цудоўную кар’еру. Хтосьці марыць купіць новую машыну ці ўласнае жыллё. Безумоўна, кожнае з названага сапраўды можна назваць шчасцем. Наша гераіня мае крыху іншае разуменне гэтага паняцця. Сям’я…вось што сапраўды надае ёй сілы і радасці.

Са шчырай усмешкай сустрэла нас у парозе Ганна Дзмітрыеўна. Адразу было зразумела, гутарка з жанчынай будзе цікавай і асабліва душэўнай. Так сапраўды і было.
Сёння Ганна Мячына адзначае свой юбілей, споўнілася жанчыне 80 гадоў:
– Нарадзілася я ў 1944 годзе, у Ляскавічах. Дзяцінства наша было нялёгкім, як вы разумееце. А ў каго яно тады было лёгкім?! Бацькі нашы трымалі вялікую гаспадарку: і кароў, і свінаматак. А мы, тры дачкі, заўсёды стараліся ім дапамагчы. Заўсёды бывае, што ў сям’і строгі бацька, але ў нашай сям’і было наадварот. Маці трымала дысцыпліну ў хаце, а бацька ніколі і голас не павысіў, добрай душы чалавек быў.
Калі пачалося будаўніцтва Ляскавіцкай бальніцы, да нас заўсёды прыходзілі рабочыя за вадой. І вось неяк маці папрасіла ў аднаго з іх: “Вазьміце маю Ганьку працаваць, хоць што-небудзь рабіць”. І мяне ўзялі на працу. Спачатку ў якасці падсобнай рабочай, а калі ўжо бальніцу адкрылі, я пачала працаваць санітаркай. Памятаю, была ў нас урач, Марыя Пятроўна, дык вось яна і гаворыць: “Што ж ты будзеш працаваць санітаркай, трэба ехаць вучыцца”. Далі мне накіраванне ад бальніцы, і 4 гады я правучылася ў Гомелі, а пасля вучобы ўжо працавала медсястрой. Вось так і засвоіла вялікую колькасць прафесій.
Праца ў бальніцы прыносіла мне задавальненне. Менавіта дзякуючы маёй прафесіі я сустрэла і сваё першае каханне. Уладзмір быў родам з Астрахані, а тут у іх была вайсковая часць. З першага погляду паміж намі загарэліся пачуцці, так і застаўся Уладзімір у Ляскавічах. Я заўсёды жартавала з мужа: “Прамяняў ты Астрахань на Кабачок”.
З мужам мы пражылі 36 гадоў душа ў душу, як кажуць. Нарадзілі трое цудоўных дзетак: сына і дзве дачкі. На жаль, мужа рана не стала, складана было прывыкаць жыць без яго, але падтрымка дзяцей і ўнукаў не мела межаў. Так навучылася жыць адна.
Дзеці – мой сапраўдны гонар. Сын Анатоль і дачка Наталля зараз індывідуальныя прадпрымальнікі. А малодшая Надзея пайшла маім шляхам і зараз працуе памочнікам урача ў Петрыкаўскай бальніцы. Дарэчы, да сваёй прафесіі мая Надзея ставіцца, як некалі і я, бо заўсёды гаварыла сваім дзецям: “Як вы ставіцеся да людзей, так і яны будуць ставіцца да вас”. Вось бывае іду па справах, а мяне сустакаюць людзі і пачынаюць хваліць дачку і дзякаваць за такое выхаванне. А на душы адразу так прыемна становіцца, калі разумееш, што для сваіх дзяцей мы з мужам сталі сапраўдным прыкладам.
Шчыра кажучы, на адпачынку я толькі 7 гадоў, на пенсіі таксама 10 гадоў яшчэ працавала і ў Ляскавіцкай бальніцы, і ў школе-інтэрнаце горада Петрыкава, дзе аказвала дзеткам медыцынскую дапамогу пры захворваннях і траўмах. Не пакідала мяне медыцынская справа. Агульны мой працоўны стаж налічвае 52 гады, медыцынскі – 45.
Ведаеце, лёс чалавека вельмі цікавы і непрадказальны. І вось жыццё дало мне магчымасць сустрэць Мікалая, майго другога мужа. Канешне, у галаве ўзнікалі думкі, што ўзрост ужо не той для адносінаў, ужо дзеці дарослыя, унукі. Але неяк з часам звыкла да Мікалая, і вось разам мы пражылі 22 гады. Лёс майго мужа быў складаны, апошнія 10 гадоў правёў ён у інваліднай калясцы, мы ставіліся адзін да аднаго заўсёды з павагай і пражылі шчаслівае жыццё.
Зараз маё жыццё не сумнае: маю 5 унукаў і 5 праўнукаў. Нявестка стала мне сапраўднай дачкой. Зяці мяне паважаюць і любяць. Ніколі не ўмешваюся ў асабістае жыццё маіх дзетак. Кожнага аднолькава люблю і падтрымліваю. Мая вялікая сям’я – сэнс майго жыцця.
Ганна Дзмітрыеўна, мы шчыра віншуем Вас з днём нараджэння і жадаем моцнага здароўя, шчасця і поспехаў!

Анастасія ФЕЛЬКІНА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о