Сяброўства без межаў

0
148

На гэтым тыдні нам давялося пабываць на вельмі кранальным свяце ў раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У час мерапрыемства вучні гарадскіх школ разам з выхаванцамі цэнтра сумесна ўдзельнічалі ў розных відах дзейнасці. Гэта былі і творчыя майстэрні, і танцы, кулінарныя эксперыменты, вясёлыя гульні.
Назіраючы за ўдзельнікамі, за іх поглядамі, рухамі, узаемадзеяннем, было відавочным: вельмі важна ствараць магчымасці для зносін і ўзаемадзеяння паміж дзецьмі з інваліднасцю і іх аднагодкамі з іншых устаноў адукацыі. Удзел у сумеснай дзейнасці дазваляе дзецям з асаблівасцямі адчуваць сябе часткай вялікага калектыву, раскрыць свой патэнцыял, паверыць у сябе і свае магчымасці.
Асабліва ўразіла праца маладых валанцёраў. Іх шчырасць, цярпенне і ўвага да кожнага дзіцяці, выклікалі павагу. Мы вырашылі сустрэцца яшчэ раз з некаторымі з іх, каб даведацца, што для іх значыць узаемадзеянне з дзецьмі дадзенай катэгорыі і чаму выбралі такі шлях?

Сяброўства без межаўДар’я Марозька, вучаніца ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Петрыкава”:
– Першы раз я прыйшла у цэнтр больш за тры гады таму. Педагогі школы прапанавалі час ад часу наведвацца у дадзеную ўстанову адукацыі, ладзіць для дзяцей-інвалідаў мерапрыемствы. Я і мае аднакласнікі, канечне, згадзіліся. Не буду хаваць: першы час мне было цяжка ў плане эмоцый. Бывалі моманты, калі хацелася плакаць ад таго, што дзяцей напаткала такая хвароба. Разам з тым узнакала жаданне больш зрабіць для іх. Спачатку ўдзельнічала ў мерапрыемствах, а пасля стала з выхаванцамі займацца танцамі.
Для мяне сяброўства з гэтымі дзецьмі не проста валанцёрства. Гэта магчымасць адчуць сябе патрэбнай. Я бачу, як яны “расквітаюць”, калі адчуваюць падтрымку і разуменне. Гэта дае мне неверагодны зарад энергіі і натхнення.

Сяброўства без межаўПавел Дубяга, вучань ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Петрыкава”:
– Я лічу, што кожны чалавек мае патрэбу ў сябрах і зносінах. Дзеці з інваліднасцю не выключэнне. Наадварот, ім гэта трэба яшчэ больш. Кожны чалавек заслугоўвае ўвагі і павагі. Карэкцыйны цэнтр наведваю каля трох гадоў. У апошні час я знайшоў сябе ў тым, што зай-маюся з адным з наведвальнікаў цэнтра маляваннем. Гэтыя сустрэчы сталі для мяне важнымі. Я стараюся быць для хлопчыка не проста чалавекам, які праводзіць з ім час, а сапраўдным сябрам.
На маю думку, сучаснай моладзі неабходна часцей звяртацца да тэмы інклюзіі. Важна разумець, што свет не абмяжоўваецца толькі нашымі звыклымі рамкамі. Калі мы пачынаем бачыць і разумець людзей з інваліднасцю, прымаць іх такімі, якія яны ёсць, мы пачынаем больш цаніць правільныя рэчы ў жыцці.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о