Напярэдадні Новага года рэдакцыя газеты “Петрыкаўскія навіны” прапанавала сваім падпісчыкам падзяліцца самымі яркімі і запамінальнымі гісторыямі святкавання Новага года з уласнага жыцця.
Прапануем вашай увазе некаторыя з дасланых землякамі гісторый.
Калядная гісторыя дабрыні
Аляксандр Кніга, жыхар вёскі Міхедавічы:
– Ёсць у маім жыцці адзін такі Новы год, які я згадваю і сёння з асаблівай цеплынёй. Гэта было ў часы майго дзяцінства, калі зімы былі суровыя, а снегу – багата.
У ноч з 31 снежня на 1 студзеня наша сям’я сабралася за святочным сталом. Раптам у акно ціхенька пастукалі. Мы ўсе падумалі, што хтосьці з суседзяў ці сяброў вырашыў завітаць да нас у госці.
Аднак, калі мы адчынілі дзверы, то ўбачылі нечаканага госця – на падаконніку сядзела сінічка. Яна выглядала аслабленай, нават не спрабавала схавацца ад нас, што гаварыла пра яе стомленасць і, магчыма, хваробу. Стала зразумелым, што птушка просіць дапамогі ў людзей.
Мы з братам угаварылі дарослых узяць сінічку ў хату. І вось так, нечакана для ўсіх, маленькая птушка стала часткай нашай сям’і. Яна засталася жыць з намі да самай вясны, акружаная дзіцячай любоўю і клопатам.
Скажу шчыра: калі прыйшоў час адпусціць яе на волю, мы з братам сумавалі. Сінічка прылятала да нас адзін раз, нібыта падзякаваць за дапамогу. Але ўсё ж прырода ўзяла сваё, і яна вярнулася да свайго звычайнага жыцця.
Чаму гэты момант так моцна ўрэзаўся ў памяць? Магчыма, таму што ў дзяцінстве мы асабліва адчувальныя да казачных цудаў, якія робяць наша ўспрыманне жыцця больш светлым і добрым. І праз дзесяткі гадоў гэта гісторыя засталася для мяне сімвалам таго, што нават у зімовую марозную пару можна сустрэць клопат і ўзаемадапамогу.
За бяспечны Новы Год
Кацярына Ліцвін, жыхарка горада Петрыкава:
– Было гэта ў мае студэнцкія гады, падчас вучобы ў Мазырскім педінстытуце. Калі ты малады, то такія святы, як Новы год, адзначаюцца з асаблівым задорам і энтузіязмам. Святкавалі ў інтэрнаце, і каб надаць адпаведны настрой, мы, дзяўчаты, упрыгожылі столь гірляндамі з паперы і ваты.
Пачалося гулянне! А як жа без хлапушак? Юнакі іх назапасілі, час ад часу “выстрэльвалі” і разнакаляровыя канфеці разляталіся па пакоі. Пасля аднаго з такіх ”залпаў” вата пад столлю раптам загарэлася. Мы ўсе паднялі галовы і застылі як укопаныя. Толькі адзін з аднакурснікаў паўтараў “Усім спакойна! Не хвалюйцеся”. Так і стаялі ў поўнай разгубленасці, пакуль не пачалі падаць на нас маленькія кавалачкі пылаючага матэрыялу. Шок прайшоў, і мы пачалі абліваць столю вадой. Ніхто не павышаў голас і не зваў на дапамогу, баючыся, каб вахцёр не заўважыў, што ў нас адбываецца. Агонь хутка затушылі, і далей мы святкавалі ўжо ціха і без феерверкаў. Але галоўнае, што ўсё скончылася добра, а ўдзельнікі свята зрабілі правільныя высновы на ўсё далейшае жыццё.
“Сям’я – галоўнае для чалавека”
Яўгенія ПІНЬКОЎСКАЯ, жыхарка Петрыкава:
– У маім жыцці было шмат розных Новых гадоў: і тыя, што адзначаліся ў цяжкія часы вайны, і ў шчаслівыя мірныя гады. Але менавіта святкаванне мінулага Новага года стала для мяне асаблівым і важным за апошнія дзесяцігоддзі: да мяне прыехалі ўнукі са сваімі сем’ямі, якія пражываюць у Беларусі, Расійскай Федэрацыі, за мяжою. Такая сустрэча для мяне стала сапраўдным падарункам. Была ўпрыгожана елка ў доме. Гучныя размовы, смех, цёплыя абдымкі. Панавала амасфера непаўторнага шчасця.
З гэтымі ўспамінамі жыву цэлы год, бо сям’я – галоўнае для чалавека, а ў маім 94-гадовым узросце такія моманты асабліва дарагія. Калі жыццёвы шлях прайшоў, ужо шмат чаго ўбачана і перажыта, тады разумееш, што сапраўднае багацце – гэта блізкія людзі, іх любоў і ўвага.
Год свінні і салата “гарошак”
Ірына ПУСТОЦІНА, жыхарка пасёлка Капаткевічы:
Сустракалі 1995 год, год свінні. Віктар, на той час проста знаёмы, запрасіў мяне да сябе дадому святкаваць Новый год у вялікай кампаніі.
Я звечара ўсё падрыхтавала: прынесла вішнёвы кампот і інгрэдыенты для салаты “гарошак”. Сама зрабіць яе не магла, бо ў той пераднавагодні дзень была на змене ў бальніцы. Прыйшла ў кватэру апошняй. Усе сядзяць, адну мяне, ”зорку”, чакаюць.
Я агледзела стол: а “гарошку” на стале няма!
Віктар падхапіўся і сказаў, што зараз прынясе. Пайшоў і прапаў, мы ўсе яго чакаем – ні Віці, ні гарошка.
Я выйшла з-за стала, і пайшла на кухню даведацца, што здарылася. І бачу, што салата толькі ў працэсе гатавання. Я здзівілася, але ўдваіх мы салату дарабілі і на стол прынеслі.
Пасля бою курантаў уся кампанія пайшла на плошчу да елкі (а ісці амаль два кіламетры!). Паціху я і Віця адсталі ад кампаніі, паглядзелі адзін на аднаго і падумалі: “Нашто нам тая елка? А ці не з’есці нам яшчэ “гарошку”, вельмі ж смачны атрымаўся!” Вярнуліся: не прападаць жа салату!
А ў канцы красавіка зладзілі вяселле, усе майскія святы гулялі.
Так з таго часу і павялося – ра-зам да святаў на стол гатуем, разам і святкуем, вось ужо 30 гадоў!
Мы дзякуем нашым чытачам за тое, што падзяліліся сваімі гісторыямі. І, вядома ж, віншуем усіх з надыходзячым Новым годам! Жадаем вам бяспечных і шчаслівых святаў, напоўненых радасцю, цяплом і самымі светлымі ўспамінамі!
Святлана СОБАЛЕВА, Надзея Сігай,
фота Святланы СОБАЛЕВАЙ, з сямейных архіваў.







Оставить комментарий