Днямі ў райвыканкаме адбылася традыцыйная штогадовая цырымонія ўшанавання школьнікаў, якія сталі пераможцамі абласной і рэспубліканскай алімпіяд.
Вялікая зала раённага выканаўчага камітэта гасцінна прымала герояў свята: навучэнцаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у алімпіядным руху, педагогаў, чыя праца і прафесіяналізм не дазваляюць установам адукацыі стаяць на месцы, бацькоў, якія не толькі выхавалі высокаматываваных дзяцей, але і самі прымаюць актыўны ўдзел у жыцці сваіх устаноў адукацыі.
Са значнымі дасягненнямі хлопчыкаў і дзяўчынак, іх педагогаў і бацькоў павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў.
Выказваючы словы падзякі ўсім прысутным, кіраўнік раёна адзначыў вялікі ўклад устаноў адукацыі ў агульную скарбонку навучальных дасягненняў Петрыкаўшчыны:
“Толькі дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню мы змаглі дабіцца такіх сур’ёзных вынікаў. Віншую ўсіх удзельнікаў. Мы дзякуем кожнаму з вас за смеласць, волю да перамогі, веру ва ўласны поспех і імкненне да яго. Быць адораным – няпростая ноша. Вы сталі нашай агульнай радасцю і гонарам. Прыемна, што колькасць рабят, якія ўзялі алімпіядную вышыню, з кожным годам расце, як і колькасць устаноў, у якіх падрыхтавалі пераможцаў галоўнага інтэлектуальнага турніру навучэнцаў.
Дарагія рабяты, паважаныя педагогі і бацькі, дзякуй за вашу працу, за ваша імкненне не спыняцца на дасягнутым, за ваша пастаяннае развіццё і рух наперад”.
14 дзяўчынак і хлопчыкаў з ліку вучняў гімназіі, першай гарадской школы, Курыціцкай, Бабуніцкай, Капаткевіцкай і Брынёўскай сярэдніх школ адзначаны былі ў гэты дзень узнагародамі ад мясцовай улады.
Аляксандр Аляксандравіч ад раённага выканаўчага камітэта ўручыў героям свята грашовыя прэміі, лісты падзякі і кветкі.
На сённяшні дзень у раёне нязменным флагманам у алімпіядным руху з’яўляецца гімназія горада Петрыкава.
Ад імя вучняў выступіла гімназістка Аляксандра Булава, пераможца трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Руская мова”, “Руская літаратура”.
Дзяўчына падзякавала за ўвагу і падтрымку, пажадала ўсім вучням поспехаў у наступным алімпіядным сезоне.
Мерапрыемства завяршылася традыцыйным калектыўным фота на памяць пра ўрачыстаць у гонар нашых герояў: таленавітых, эрудзіраваных, адказных, прафесійных і клапатлівых.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий