Свята, памножанае на два

0
248

На думку многіх, Новы год – галоўнае свята, якое адзначаецца ў краіне. Гэта вялікая сямейная ўрачыстасць, дзеля якой сваякі, сябры збіраюцца за сталом 31 снежня і святкуюць да світання 1 студзеня. Аднак, што рабіць тым, чый дзень нараджэння супаў з зімовым святам? Ці не забываюцца пра іх у навагодняй мітусні? Накрываюць у гонар імяніннікаў асобны стол ці святкуюць усё адразу? Дораць два падарункі або абмяжоўваюцца адным?
Землякі, якім “пашанцавала” нарадзіцца ў апошні дзень каляндарнага года, дзеляцца сваімі гісторыямі.

Свята, памножанае на дваІрына ФІЛІМОНАВА, ураджэнка Петрыкава, жыхарка Расійскай Федэрацыі.
– Нарадзілася я не проста 31 снежня, а практычна пад бой курантаў. За пражытыя гады ні разу не адчувала паніжаную ўвагу да свайго дня нараджэння. Маё асабістае свята заўсёды было галоўнай падзеяй у сям’і. У дзяцінстве і юнацтве бацькі, сёстры з самай раніцы стваралі ў гэты дзень атмасферу дня нараджэння – віншаванні, падарункі, пажаданні. Бліжэй да поўначы ўсё пераходзіла ў святкаванне Новага года.
У дарослым жыцці нічога не памянялася. Мае муж, дзеці заўсёды робяць выразны акцэнт у гэты дзень: Новы год і дзень нараджэнне – два розныя святы, а значыць, і два падарункі. Святкуем два святы за адным сталом. Так зручней, і ў сувязі з падвойнай нагодай, зносіны з роднымі людзьмі займаюць больш часу, што немалаважна ў наш хуткаплынны час.
Пра тое, што нарадзілася напярэдадні Новага года, ніколі не шкадавала, стаўлюся да гэтага па-жыцейску, знаходзячы плюсы ў сваёй унікальнай даце нараджэння.
Карыстаючыся магчымасцю, перадаю віншаванні з надыходзячым Новым годам і Ражством землякам! Няхай кожны ваш дзень будзе напоўнены шчасцем, каханнем, дабром, радасцю і мірам!

Свята, памножанае на дваІгар ГАЛЕНЯ, ураджэнец вёскі Слабада.
– Ніколі не перажываў з нагоды таго, што адзначаю дзень нараджэння адначасова з Новым годам. І ў дзяцінстве, і зараз блізкія людзі ніколі не абдзялялі сваёй увагай у гэты важны дзень. І падарункамі таксама – іх заўсёды два. Калі жыў з бацькамі, 31 снежня з раніцы да вечара ўвага надавалася майму святу. Звычайна, у мой гонар накрывалі святочны стол, а вечарам аднаўлялася святкаванне ўжо Новага года.
Мой дзень нараджэння застаўся на першым месцы напярэдадні Новага года і са з’яўленнем уласнай сям’і. Хіба за выключэннем таго, што накрываем адзін стол: па традыцыі ўвечары прыязджаюць да нас у Петрыкаў родныя, каб павіншаваць мяне, і застаюцца сустрэць Новы Год у горадзе. Мы іх чакаем і рыхтуемся да сустрэчы.
Азіраючыся назад, я ўжо не магу ўявіць свой дзень нараджэння без елкі і гірлянд, а Новы год – без свечак на торце. У цэлым, я лічу, што на які дзень не выпаў Дзень нараджэння – гэта заўсёды свята.
Напярэдадні Новага года жадаю, каб у жыхароў Петрыкаўшчыны было як мага больш падстаў для свята і для сустрэч з блізкімі людзьмі.

Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА,
фота з сямейных архіваў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о