Здаецца, зусім нядаўна мы былі ўзрадаваныя цеплынёй восені, а зараз ужо да зімы застаўся з дзясятак дзён. З гэтай нагоды мы звярнуліся да прадстаўнікоў раёна, для якіх зімні сезон – не толькі перагорнуты аркуш календару, але і сезон актыўнай працы, што непасрэдна звязана з бяспекай насельніцтва. Не перабольшваючы, можна адзначыць, што работа іх падраздзяленняў – не толькі наш камфорт, але і спакой.

Сустракаць зіму ўпэўнена!

Сяргей МІЦУРА, начальнік АДАІ РАУС:

– У першую чаргу хацелася б нагадаць аўтамабілістам, што з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі павінны быць абсталяваныя зімовымі шынамі. Зімовыя шыны ўсталёўваюцца на ўсіх калёсах і павінны адпавядаць патрабаванням часткі 2 пункта 25 дадатку 4 Правілаў дарожнага руху, а таксама мець маркіроўку ў выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і сняжынкай пасярэдзіне або з пазначэннямі «M+S», «M&S», «M.S», «M&S» ці «All Season».

Настойліва раім “пераабуць” сваё аўто загадзя, бо надвор’е з адмоўнай тэмпературай прыходзіць на Беларусь часцей за ўсё раней каляндарнага пачатку зімы. Акрамя гэтага, варта крыху змяніць сваю манеру кіравання: раней запавольваць транспартны сродак, выбіраць адпаведную надвор’ю дыстанцыю ў транспартнай плыні.

Пешаходы ж павінны пазначаць сябе флікерам у цёмны час сутак, а ўсе без выключэння ўдзельнікі руху – праяўляць выключную ўвагу на дарозе, бо светлавы дзень становіцца кароткім, а надвор’е часцяком стварае ўмовы недастатковай бачнасці.

Тэрмін з канца снежня па сярэдзіну студзеня азнаменаваны шэрагам навагодніх святаў, калі многія будуць наведвацца ў госці да блізкіх. Каб гэтыя сустрэчы не былі азмрочаны, варта памятаць: ужыванне алкаголю ні ў якім разе нельга сумяшчаць з кіраваннем транспартным сродкам. Нават калі менавіта ў вас такіх намераў не ўзнікае, то не варта ставіцца абыякава і да тых, хто нападпітку жадае сесці за руль. У такім выпадку на вашых вачах здзяйсняецца правапарушэнне, якое можа натуральна ператварыцца ў злачынства і каштаваць не толькі немалога штрафу і пазбаўлення вадзіцельскага пасведчання, але здароўя ці нават жыцця чалавека.

Сустракаць зіму ўпэўнена!

Сяргей ГАЙЧУК, дырэктар ДП “Петрыкаўскі райжылкамгас”:

– Петрыкаўская камунальная служба ўкамплектаваная дарожнай і дапаможнай тэхнікай, якая будзе працаваць у зімовы перыяд, у поўным аб’ёме агульнай колькасцю – 23 адзінкі. Гэта 3 самазвалы, экскаватар і аўтагрэйдар, 3 трактары, 6 пагрузчыкаў розных відаў, кантэйнеравоз, 6 уборачных машын, а таксама 2 пескараспырсквальнікі. Для ліквідацыі ледзяшоў пад стрэхамі будынкаў будуць задзейнічаны 2 аўтавышкі.

Для пасыпкі дарог і тратуараў Петрыкаўскаму райжылкамгасу, згодна з планам, патрэбна 561 тона пясчана-саляной сумесі. Але зараз наша арганізацыя ўжо мае 797 тон сумесі. Такім чынам, за сродкі пасыпкі ад галалёдзіцы хвалявацца не выпадае – імі мы забяспечаны ў 1,42 разы болей за падлічаную патрэбу.

Спадзяёмся, што ў выпадку вялікага выпадзення снегу землякі з разуменнем будуць ставіцца да напружанай работы экстраных службаў. Не варта забывацца прыбіраць ад снегу падыходы і пад’езды да сваёй уласнасці, а таксама прылягаючую тэрыторыю, як гэтага патрабуе Пастанаўленне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 430 ад 22 ліпеня 2020 года.

Магчымасць адчуваць сябе камфортна і бяспечна ў зімовы перыяд – справа агульная, і мы заўсёды з вялікай удзячнасцю ставімся да фактаў праяўлення грамадзянамі здаровай ініцыятывы. Такіх прыкладаў дастаткова: нехта не чакае камунальнікаў, а самастойна чысціць снег пад пад’ездамі, на паркоўках і не забываецца вызваліць ад снегу сцежкі на падворках суседзяў, якія маюць патрэбу ў падобнай дапамозе. Такімі агульнымі намаганнямі мы хутчэй пераадольваем любыя капрызы надвор’я.

Сустракаць зіму ўпэўнена!

Алег ПАЎЛЮЧОК, начальнік Петрыкаўскай выратавальнай станцыі:

– Пачатак зімы – час, калі да наступлення ўстойлівых замаразкаў лядовы полаг на вадаёмах застаецца нетрывалым і небяспечным. Больш за тое, днём, пад уздзеяннем сонца, лёд становіцца крохкім, нават пры захаванні дастатковай таўшчыні.

Перад тым, як выйсці на лёд, трэба натуральна ацаніць яго таўшчыню і трываласць. Каб бяспечна перапраўляцца  па лёдзе аднаму мінаку, вада павінна прамерзнуць не менш чым на 7 сантыметраў, у выпадку пераправы легкавіка – не менш чым на 30 сантыметраў.

Надзейнасць лёду можна вызначыць візуальна: найбольш трывалым будзе лёд блакітнага колеру, белы лёд у два разы больш крохкі, шэры ці матава-белы лёд з жаўтаватым адценнем небяспечны.

Асабліва асцярожным трэба быць, калі лёд пакрываецца пластом снегу. Выходзіць на вадаёмы дазваляецца толькі пасля пільнай праверкі надзейнасці лядовага пакрыцця.

Бацькі павінны растлумачыць, што ў час лёдаўтварэння дзецям не месца на вадаёмах. Разам з гэтым малыя таксама павінны добра ведаць правілы бяспечных паводзін на лёдзе.

Што да рыбакоў, то яны абавязаны пры выхадзе на лёд апранаць выратавальную камізэльку, настойліва рэкамендуецца мець з сабой і вяроўку даўжынёй 15-20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам вагой 400-500 грам – на іншым. Падчас падлёднай рыбалкі не рэкамендуецца прабіваць шмат лунак на блізкай адлегласці, скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца вялікімі групамі.

Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара і з ахіву “ПН”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о