З 14 чэрвеня бягучага года ў Беларусі пачало дзейнічаць новае Палажэнне аб падтрымцы беспрацоўных у арганізацыі індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэты дакумент унёс шэраг важных змен, пра якія мы пагаварылі з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ганнай КАРОЛЬ.
– На якія змены ў першую чаргу варта звярнуць увагу?
– Заявы на беззваротную дзяржаўную субсідыю цяпер разглядаюцца хутчэй, пашырана кола людзей, якія могуць яе атрымаць, субсідыі сталі больш даступнымі і гнуткімі. Калі раней дзяржава дапамагала адкрыць бізнес толькі ў фармаце індывідуальнага прадпрымальніка, рамесніцтва ці аграэкатурызму, то ў дадзены момант з’явілася яшчэ адна магчымасць – арганізаваць самастойную прафесійную дзейнасць. Гэта значыць, што падтрымку можа атрымаць, напрыклад, дызайнер, майстар па пашыве адзення, будаўнік, які выконвае замовы спажыўцоў па муры печаў, малярныя, тынкавых і іншыя аздобныя работы.
Да самастойнай прафесійнай дзейнасці адносіцца таксама аказанне спажыўцам паслуг па чыстцы і ўборцы жылых памяшканняў, па вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі, зборцы мэблі, рамонце па заказах спажыўцоў электроннай бытавой тэхнікі, цырульні і касметычныя паслугі, рэпетытарства, распілоўка і колка дроў і іншыя віды дзейнасці. Поўны пералік відаў дзейнасці, дазволеных для ажыццяўлення ў якасці самастойнай прафесійнай дзейнасці вызначаны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 457 “Аб відах індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці”.
– Ці змяніліся памер выплат і базавыя патрабаванні да прэтэндэнтаў?
– Так, памер выплат таксама змяніўся. Калі раней памер субсідый быў фіксаваным – 11 або 15 пражытачных мінімумаў, то цяпер гэта “да 11” і “да 15”. Чалавек сам паказвае, якую суму ён рэальна готаў выкарыстаць.
Базавыя патрабаванні для прэтэндэнтаў на атрыманне субсідыі засталіся ранейшымі. Яе даюць тым, хто афіцыйна стаіць на ўліку як беспрацоўны і дасягнуў 18 гадоў. Гэта не крэдыт і не пазыка – грошы выдзяляюцца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны і вяртаць іх не трэба, калі чалавек выконвае ўсе ўмовы дагавора і сапраўды запускае сваю справу.
– Які алгарытм дзеянняў чалавека, што вырашыў скарыстацца дзяржаўнай субсідыяй і адкрыць сваю справу?
– Каб прэтэндаваць на дапамогу, перш за ўсё трэба зарэгістравацца ў службе занятасці.
Раней дзейнічала правіла: калі цягам месяца беспрацоўны не знайшоў працу, ён мог звярнуцца па субсідыю. Цяпер гэтага абмежавання няма – чалавек можа падаць заяву адразу.
Далей – самае цікавае: трэба прыдумаць бізнес-ідэю і аформіць яе ў выглядзе бізнес-плана. Тым, хто сумняваецца ў сваіх ведах, дапамагаюць бясплатныя курсы па асновах прадпрымальніцтва. На занятках вучаць складаць тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, планаваць выдаткі і прыбыткі. Пасля навучання выдаецца пасведчанне, а сам бізнес-план ужо можна прыкладаць да заявы на субсідыю. У дакуменце будучы прадпрымальнік падрабязна апісвае, чым збіраецца займацца, дзе менавіта адкрые справу, хто стане яго кліентамі і які прыбытак плануе атрымліваць. Ідэя разглядаецца камісіяй упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама.
Прыярытэт заўсёды ў тых праектаў, якія адпавядаюць рэальным запатрабаванням рэгіёна. Напрыклад, калі ў нашым раёне няма майстэрні па рамонце абутку, то менавіта такі праект атрымае “зялёнае святло”.
– Ці здараюцца адмовы на атрыманне субсідыі?
– Адмовы па субсідыях здараюцца рэдка: калі бізнес-план складзены граматна, яго амаль заўсёды падтрымліваюць.
Тэрмін разгляду заявы аб прадастаўленні беззваротнай дзяржаўнай фінансавай падтрымкі ў выглядзе субсідый скарочаны – дакументы разглядаюцца за дзесяць працоўных дзён (раней быў 14-дзённы тэрмін).
– На якія мэты можа быць выкарыстана субсідыя?
– Калі рашэнне станоўчае, з чалавекам заключаецца дагавор аб выдзяленні субсідыі, а грошы паступаюць на яго разліковы рахунак. Пасля гэтага можна афіцыйна рэгістраваць ІП, станавіцца рамеснікам ці займацца іншым відам дзейнасці.
Гэтыя грашовыя сродкі могуць быць выкарыстаны, напрыклад, на набыццё абсталявання, інструментаў, сыравіны, матэрыялаў, аплату паслуг і іншыя мэты, якія звязаны з арганізацыяй уласнай справы.
– Хто ажыццяўляе кантроль за выкарыстаннем субсідый і якія забароны дзейнічаюць?
– Кантроль за мэтавым выкарыстаннем выдзеленай субсідыі і за выкананнем заканадаўства аб занятасці насельніцтва ў частцы выканання абавязацельстваў, вызначаных дагаворам, ажыццяўляецца ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, якое выдала субсідыю.
Галоўная забарона застаецца ранейшай: выкарыстоўваць субсідыю не па прызначэнні нельга. Умова простая: чалавек абавязаны рэальна займацца справай, а не проста атрымаць грошы і выдаткаваць іх на што заўгодна.
Субсідыя застаецца вельмі выгаднай, гэта рэальныя грошы для старту бізнеса без крэдытаў і лішніх рызык.
– Калі нашы чытачы зацікавяцца ідэяй адкрыцця ўласнай справы, дзе можна атрымаць дадатковую інфармацыю?
– Для атрымання дадатковай інфармацыі і кансультацыі па пытанні фінансавай падтрымкі беспрацоўных можна звяртацца па адрасе: горад Петрыкаў, вуліца Гогаля, 1, кабінет 16 або патэлефанаваць па нумары 5-57-72.
Гутарыла Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий