У наш час вялікая ўвага надаецца выяўленню і прафілактыцы суіцыдальных паводзін падлеткаў. Пра прычыны такіх паводзін, на што асабліва трэба звяртаць увагу дарослым мы пагутарылі з Алёнай ПЕРАРАРЭЖКА, урачом псіхатэрапеўтам УЗ “Петрыкаўская цэнтральная раённая бальніца”.
– Пераходны ўзрост уразлівы сам па сабе па прычыне гарманальнай перабудовы. Для падлеткаў часта характэрны эмацыйная няўстойлівасць, схільнасць да здзяйснення імпульсіўных учынкаў. Дарэчы, такія асаблівасці, як імкненне да рызыкі, грэбаванне небяспекай і схільнасць рамантызаваць трагічныя сітуацыі, выкарыстоўваюць арганізатары суіцыдальных інтэрнэт-гульняў “Сіні кіт” і “Чырвоная сава”. Таму важна, каб дарослыя кантралявалі сацыяльныя сеткі сваіх дзяцей. Частымі прычынамі суіцыдаў і парасуіцыдаў становяцца нізкая самаацэнка, адчуванне неадпаведнасці стандартам і выкліканыя гэтым страх насмешак сярод аднагодкаў. Агрэсія можа быць справакавана непрыемнасцямі ў школе, канфліктамі з настаўнікамі або аднакласнікамі, адсутнасцю сяброў. Нярэдка суіцыдальныя паводзіны звязаны з непадзеленым каханнем, пачуццямі віны, сораму, адзіноты.
Канфлікты бацькоў паміж сабой, развод, смерць аднаго з бацькоў, алкагалізацыя членаў сям’і, недастатковы ўдзел дарослых у жыцці падлетка, альбо, наадварот, гіперапека – усё гэта таксама фактары рызыкі ўзнікнення суіцыдальных паводзін.
Даволі часта падлеткі маніпуліруюць пагрозамі самагубства, нават здзяйсняюць дзеянні з дэманстратыўнай мэтай, не жадаючы пры гэтым памерці. Такія паводзіны не менш небяспечныя, з прычыны рызыкі няправільна разлічыць дозу прэпарата, глыбіню парэзу, час прыходу чалавека, на якога дадзеная маніпуляцыя разлічана.
Што павінна насцярожыць дарослых? Падлетак часта ў гутарцы закранае тэму смерці. Наяўнасць самапашкоджанняў на скуры, асабліва ў выглядзе кітоў і лічбаў. Змены ў паводзінах, раздражняльнасць, сацыяльная абмежаванасць. Чалавек раздае адзенне і рэчы сябрам і знаёмым, не спіць ноччу, у яго парушаны апетыт, з’яўляюцца спробы прыцягнуць да сябе ўвагу агрэсіўнымі спосабамі. Абыякавасць да знешняга выгляду, уцёкі з дому, актыўная падрыхтоўка – падлетак вывучае дзеянні лекавых сродкаў, збірае інфармацыю пра спосабы самагубства.
Пры выяўленні такіх прыкмет неабходна звярнуцца да псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, псіхіятраў.
Рэспубліканская “Дзіцячая тэлефонная лінія” – (8801) 100-16-11.
Экстранная кругласутачная крызісная тэлефонная лінія ў горадзе Гомелі – (80232) 31-51-61.
ТЭЛЕФОНЫ ДАВЕРУ: горад Петрыкаў, Петрыкаўскі раён – кожны будны дзень з 8 да 15 гадзін, кожная першая субота месяца з 8 да 14 гадзін – 2-82-05, 2-82-34.
Спецыялісты акажуць неабходную дапамогу дзецям, якія апынуліся ў крызіснай сітуацыі ананімна і бясплатна.
Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА.
Оставить комментарий