Паважаныя чытачы, у сувязі з правядзеннем на тэрыторыі Петрыкаўшчыны з 9 па 15 верасня “Тыдня кібербяспекі”, праваахоўнікі ў чарговы раз нагадваюць, як не стаць ахвярай ашуканцаў.
Падман з прыстаўкай “кібер-” часцей за ўсё ажыццяўляецца праз наступныя схемы:
– продаж нейкага тавару па незвычайна нізкім кошце, калі пакупнік знаходзіць на пляцоўках інтэрнэту танную прапанову, дасылае грошы задатку ці поўную суму і не атрымлівае набытага тавару, бо “прадаўцы” знікаюць;
– паведамленне пра выйгрыш у латарэі, які можна забраць толькі пасля таго, як атрымальнік прыза пералічыць грошы на нейкія працэдуры афармлення ці падаходны падатак. Пасля пералічэння грошай “арганізатары” не выходзяць на сувязь;
– тое ж самае адбываецца пры прапановах пасіўнага заробку, як то інвеставання, біржы, набыцця крыптавалюты, укладу сродкаў з павышанай даходнасцю. У пераважнай большасці падобных выпадкаў зламыснікі выступаюць ад імя вядомых кампаній, абяцаюць буйныя даходы ад іх імя і, такім чынам, могуць авалодаць сродкамі грамадзян.
Асабліва шырока выкарыстоўваюцца злачынцамі метады тэлефоннага махлярства. Сюжэтаў авалодання грашовымі сродкамі даверлівых суайчыннікаў даволі шмат, таму варта ведаць пра характэрныя прыкметы спроб ашуканства. Памятайце:
– калі вам тэлефануюць на месенджары і прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных структур і дзяржаўных арганізацый – гэта махлярства. Сапраўдныя праваахоўнікі і работнікі банкаў не звязваюцца з грамадзянамі праз месенджары. Тое ж тычыцца і нумароў тэлефонаў з кодам іншых краін;
– калі вас просяць паведаміць персанальныя пашпартныя і банкаўскія дадзеныя, паролі доступу – гэты спроба авалодання вашымі грашовымі сродкамі, неадкладна прыпыніце стасункі;
– калі вас па экстраннай прычыне просяць тэрмінова аформіць крэдыт ці перавесці грошы на любы рахунак – вас спрабуюць ашукаць.
У большасці выпадкаў патэнцыяльным ахвярам паведамляюць пра ДТЗ з удзелам блізкага чалавека, спробу крадзяжу грошай, афармлення крэдыту і неабходнасць прыпыніць незаконную дзейнасць.
Калі вы будзеце памятаць пра гэтыя прыкметы злачынства і захоўваць пільнасць, махляры не здолеюць авалодаць вашымі сродкамі.
Арцём ГУСЕЎ,
па матэрыялах РАУС.
Оставить комментарий