Ісці да мэты і не збочваць

0
675

Ісці да мэты і не збочвацьЖанчына ў форме – гэта заўсёды прыгожа. І нават той, хто не пагодзіцца са мною зараз, міжволі правядзе позіркам жаночую фігуру, зацягнутую ў форменнае адзенне.

Адна з такіх прыгажунь – Дзіяна Гуменная, начальнік групы прызыву Петрыкаўскага ваеннага камісарыята.
Пра службу ў сілавых структурах дзяўчынка марыла з дзяцінства, хоць у сям’і вайскоўцаў не было. Але, калі прыйшоў час паступаць, выпускніцу школы чакала расчараванне: па стане здароўя яе не прапусцілі да паступлення ў навучальную ўстанову Міністэрства ўнутраных спраў. Магчыма, некага гэта б спыніла, але толькі не нашу гераіню. Мэтанакіраваная абітурыентка здавацца не збіралася – мара ёсць, ідзём да яе!

Дзіяна ведала, што ў арміі запатрабаваны дзяўчаты- сувязісты. У 2010 годзе дзяўчына паступае ў Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай Акадэміі сувязі на факультэт праграмнага забеспячэння сетак тэлекамунікацыі. Пасля заканчэння навучання пайшла працаваць у ваенны камісарыят Гомельскай вобласці на пасаду вядучага спецыяліста групы аўтаматызацыі.

Паспрабавала зноў прызвацца ў якасці ваеннаслужачага, але Дзіяне зноў адмовіліпа стане здароўя. Супыніць дзяўчыну гэта не магло, яна не здавалася. Для дасягнення мэты гераіня зрабіла нават лазерную карэкцыю зроку.

Гэта дазволіла Дзіяне ў 2017 годзе прызвацца на службу па кантракце ў якасці ваеннаслужачай на стацыянарны вузел сувязі ваеннага камісарыята Гомельскай вобласці на пасаду механіка-тэлеграфіста засакрэчанай сувязі. На свой дзень нараджэння 31 сту-дзеня дзяўчына прыняла ваенную прысягу. На гэтай пасадзе мая суразмоўца праслужыла 4 гады, там жа сустрэла свайго будучага мужа, выйшла замуж і нарадзіла сына.

Пасля выхаду гераіні з водпуску па догляду за дзіцём, кіраўніцтва прапанавала ёй рухацца далей па кар’ернай лесвіцы. Такім чынам Дзіяну Гуменную накіравалі да нас ў раён, дзе яна ўзначаліла групу прызыву Петрыкаўскага ваеннага камісарыята.
Муж Дзіяны Валер’еўны афіцэр і ўзначальвае ваенны камісарыят Лельчыцкага раёна, а маленькі сын марыць стаць міліцыянерам.

Зараз у нашай гераіні званне старшага сяржанта. У будучым Дзіяну чакаюць курсы павышэння кваліфікацыі, пасля якіх яна зможа атрымаць званне лейтэнанта. На гэтым старшы сяржант спыняцца не плануе, пасада начальніка групы прызыву дазваляе ёй да-служыцца да маёра, а звольніцца ў запас па ўзросту Дзіяна плануе не менш чым у званні падпалкоўніка!

Сваю цяперашнюю пасаду суразмоўца лічыць вельмі важнай для арміі:
– Прызыў – гэта тое, з чаго пачынаецца наша армія, яе аснова.
Праца ў групе прызыву адрозніваецца ад ранейшых абавязкаў ваеннаслужачай: у Гомельскім абласным камісарыяце Дзіяна працавала з тэхнікай, цяпер працуе з людзьмі. І гэта не толькі прызыўнікі, але і іх бацькі, бабулі і дзядулі – патрэбна знайсці псіхалагічны кантакт, дамовіцца з усімі, пры гэтым дзейнічаць паводле літары закона. І гэта ў начальніка прызыву атрымліваецца, таму што другая вышэйшая адукацыя ў Дзіяны Валер’еўны – юрыдычная.

– Даволі шмат дзяўчат мараць служыць у войску. Падчас у іх вочы гараць яшчэ больш, чым у хлопцаў.
Прыгожую палову ў арміі адрознівае скрупулёзнасць, увага да дэталяў, і ў той жа час мяккасць, уменне знайсці кампраміс. Жанчыны ў беларускай арміі запатрабаваны і адказна выконваюць сваю ролю, – падзялілася сваімі назіраннямі начальнік групы прызыву.
Пажадаем нашай гераіні і іншым дзяўчынам і жанчынам у пагонах паспяховай службы і мірнага неба над галавой!

Надзея СІГАЙ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о