Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць Стрэчанне Гасподняе.
Пасланы на зямлю Божы Сын, які прыняў чалавечую плоць, павінен быў не толькі стаць чалавекам, але і пажыць у міры з людзьмі і здзейсніць справу выратавання праз прынясенне Сябе ў ахвяру за грахі ўсяго свету. Таму падчас свайго зямнога жыцця ад самага нараджэння і да крыжовых пакут Ён выконваў той закон, які існаваў у той час сярод яўрэйскага народа.
У саракавы дзень пасля нараджэння нованароджаны першынец прыносіўся ўпершыню ў храм і прысвячаўся Богу. Гэта запаведзь дадзена была Богам з нагоды цудоўнага збавення ад смерці яўрэйскіх першынцаў пры выхадзе Яўрэяў з егіпецкага палону. І Хрыстос, як выканаўца закону, у саракавы дзень пасля нараджэння таксама быў прынесены Найсвяцейшай Марыяй разам з Іосіфам у Іерусалімскі храм. Гэта падзея шануецца Праваслаўнай Царквой двунадзясятым святам Стрэчання Гасподняга. У той жа час прыйшоў сюды і старац Сімяон. Ён быў чалавек праведны і ўсім сэрцам чакаў абяцанага Збавіцеля свету. І вось ва ўзнагароду за гэтае чаканне і святое набожнае жыццё, яму было абяцана Святым Духам, што ён не ўбачыць смерці да таго часу, пакуль не ўбачыць Збавіцеля. Старажытнае Царкоўнае паданне сведчыць, што Сімяон атрымаў гэтае абяцанне за 270 гадоў да Нараджэння Хрыстовага. І вось Сімяон, узяўшы Збавіцеля на рукі, благаславіў Бога і сказаў, што настаў той шчаслівы час, аб якім прадказаў яму Бог, і цяпер няма больш прычын трымаць яго на зямлі, таму што ён убачыў Госпада. Яшчэ Сімяон прадказаў Маці Божай усё будучае жыццё Яе Сына. Ён бачыў празорлівым унутраным позіркам будучую Галгофскую Ахвяру. Таго, Хто ляжаў у яго на руках, ён бачыў ужо ўкрыжаваным за грахі свету.
Другім сведкам з’яўлення ў Іерусалімскім храме Богадзіцяці Ісуса была 84-гадовая прарочыца Ганна. Да Нараджэння Хрыстовага ўсе праведныя мужы і жонкі жылі верай у будучага Збавіцеля свету і чакалі Яго прышэсця. Апошнія праведнікі адыходзячага Старога Запавету – праведны Сімяон і прарочыца Ганна ганараваны сустрэчай у храме Носьбіта Новага Запавету, у Якім ужо злучыліся Бажаство і чалавецтва.
Стрэчанне Гасподняе – гэта свята і сустрэча пакаленняў. І яшчэ ў гэтым дні ёсць глыбокі ўнутраны сэнс: кожны чалавек у сваім жыцці павінен сустрэць Бога. Мы сустракаемся з Хрыстом пры ўсякай добрай справе, якая здзяйсняецца ў імя Госпада.
Святы Ян Залатавуст казаў: “Калі ты ў працягнутую руку жабрака апускаеш сваю міластыню, то ведай, што побач з гэтай рукой нябачна ёсць рука Самога Госпада”. А калі сустрэчы такой не здарылася, то жыццё чалавечае пражыта абсалютна бескарысна.
Святлана ТАРАСЕВІЧ.
Оставить комментарий